Пытаньне
Нават калі разбойнік б’е, не бараніцца ад яго?
Адказ
Урадоўцы, паводле Божага загаду, павінны пільна старацца, каб не было разбоеў, як ужо гаварылася. Але калі б і здарылася з Хрысьціянінам, што на яго напаў бы разбойнік ды хацеў яго забіць, мусіць Хрысьціянін так сябе паводзіць, як паводзілі сябе ў такіх прыгодах сьвятыя патрыярхі.
Пра Якуба напісана, што змагаўся з анёлам, бо палічыў яго за разбойніка (Роду 36). У гэтым прыкладзе дзьве рэчы заўваж: патрыярх не чакаў, пакуль разбойнік на яго нападзе, бо ён разумеў, што гэта значыла б спакушаць Бога, але першы на разбойніка кінуўся ды адбіваўся, як мог. І другую рэч заўваж: Якуб не імкнуўся забіць разбойніка, а толькі сябе самога хацеў абараніць. Таму і Хрысьціянін можа бараніць сваё жыцьцё, але чужога жыцьця ня мусіць адбіраць. Ды калі б каму здарылася выпадкова, а не наўмысна, непрыяцеля забіць, – кажу: калі хто баронячыся, а не забойства прагнучы, заб’е, – мяркую, што ўрад не павінен караць за такое забойства, ды перад Богам такі забойца менш вінаваты. Бо і пад Законам абраў Бог пэўныя мейсцы, куды ўцякаў той, хто забіў ненаўмысна (Вых. 22). Ды ня толькі гэта, але і яшчэ яўна напісана: калі хто заб’е злодзея, які ўначы ў хату ўлез, не вінаваты такі чалавек у ягонай крыві. А калі чалавек не вінаваты ў крыві злодзея, які толькі маёмасьць крадзе, тым больш не вінаваты будзе той, хто выпадкова заб’е разбойніка, паўстаўшага на жыцьцё і маёмасьць.