Пытаньне

Як Бог карае неслухмяных гэтаму шостаму слову?

Адказ

Першым забойцам быў Каін, які забіў брата яшчэ да Божага прыказаньня, і гэтым вельмі разгневаў Бога. Дзеля гэтага Каін быў і ад бацькі адлучаны, і ад усіх ягоных пабожных нашчадкаў, ды быў на Каіна ўскладзены знак, каб усе яго сьцерагліся ды зь ім не супольнічалі. Але потым, пасьля патопу, Бог прызначыў забойцам больш цяжкую кару, так Ною сказаўшы: «Хто пралье кроў людзкую, і таго будзе пралітая кроў рукою чалавека, бо чалавек створаны на вобраз Божы» (Роду 9).

Таму і ў Законе Бог узнавіў тую кару. Ды хоць часам ліхі ўрад не карае забойцаў або дзеля хабару, або яшчэ дзеля чаго, перадусім Сам Бог карае і забойцаў, і супольнікаў іхніх, – значыць, і ўрад. Ня можа Бог пакінуць забойцу без пакараньня, бо да Каіна Сам прамовіў: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля».

Ерузалім, такі слынны горад, названы сьвятым, Бог пакараў дзеля таго, што ў ім панавала забойства, як Сам Хрыстос сказаў: «Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, што да цябе пасланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як кураводка зьбірае пісклянят сваіх пад свае крылы, але ты не захацеў. Таму дом ваш стане пустым» і гэтак далей (Мц. 23: 37-38).

Таму і на Бабілён Бог сказаў у Абакума: «Як ты зрабаваў шматлікія народы, дык і цябе зрабуюць пазасталыя народы за праліцьцё крыві людзкай» (Аб. 2). Давід таксама напісаў, што «людзі разбойныя і падступныя не дажывуць да паловы жыцьця свайго» (Пс. 54).

Коратка кажучы, па-рознаму Бог карае за забойства, і дастаткова пра гэта паўсюль у Сьвятым Пісьме гаворыцца. На ўласныя вочы самі бачым, як Бог падступных забойцаў выяўляе цудоўным чынам.