КАТЭХІЗІС,

гэта значыць старадаўняя хрысьціянская навука,
сабраная ў пытаньнях і адказах
са Сьвятога Пісаньня
для простых людзей мовы беларускай

Зь Першага лісту
Сьвятога Апостала Пятра:
«Будзьце заўсёды гатовыя
да абароны адносна кожнага,
хто патрабуе ад вас адказу
аб прабываючай у вас надзеі,
у спагаднасьці і страху Божым...»
ды так далей.


Яснавяльможных Князёў ды паноў Іх Міласьцяў паноў Мікалаяў Радзівілаў: Князя на Алыцы і Нясьвіжы, Ваяводы Віленскага, найвышэйшага Маршалка і канцлера Вялікага Княства Літоўскага і іншае; і Князя на Дубінках і Біржах, Ваяводы Троцкага, Вялікага Гетмана Вялікага Княства Літоўскага і іншае,— сынам першародным Іх Міласьцям Князям маладым панам Мікалаям Мікалаевічам Радзівілам —

ад Бога Айца праз Хрыста, Адзінароднага Сына Яго, у Духу Сьвятым Пацяшыцелю, ласкі, супакою і вечнага дабраславенства верна жадаюць браты праўдзівага Хрыстовага збору і слугі Вашых княжацкіх Міласьцяў.

Бог усемагутны, яснавяльможныя і міласьцівыя Княжаты, у тым заўсёды аб'яўляў Сябе грэшнаму чалавеку, што, хаця чалавек сам ад Яго адыходзіў, Бог усё адно ў цудоўны спосаб ратаваў чалавека ад памылак і грахоў. Такім Ён паказаў Сябе ад пачатку нашым прабацькам. На тых бо, -- пасьля іхняга цяжкага граху ды страты вобразу і падабенства Божага, на якое яны былі створаны ў той першароднай цнатлівасьці, сьвятасьці, справядлі-васьці і праўдзе, -- з асаблівага Свайго міласэрдзя Бог не застаўся ў гневе. Ён зьлітаваўся над іхнім адпадзеньнем, даў ім і ўсяму іхняму патомству цудоўны ратунак і такое насеньне абяцаў, Якое скрышыць галаву праклятаму ворагу д'яблу, наверне іхняе адпадзеньне ды адновіць іх у першароднай цнатлівасьці і справядлі васьці. Прабацькі нашыя, схапіўшы вераю гэтае абяцаньне аб прыйсьці сьвятога насеньня, цешыліся ім аж да сьмерці ды ім жа дабраславёна га жыцьця даступіліся.

Таксама сынам і патомству іхняму, колькі б разоў яны не адступаліся ад хвалы Божай, Бог ніколі потым ня помсьціў. Ды гэтаксама, грозна зьнішчыўшы патопам кожнае цела, Той жа спрадвек міласэрны Бог не пакінуў Ноя, а потым -- Абрагама, Ізаака, Якуба, сьвятых патрыярхаў і ўсіх дванаццаць кален Ізраэльскіх, якіх вывеў з Эгіпту ды зноў аднавіў ім тое Сваё абяцаньне пра дабраславёнае насеньне, у якім мелі дабраславіцца ўсе народы. А насеньне тое, паводле навукі Апостальскай, ёсьць Хрыстос. Таксама і са Старога, і з Новага Закону ясна бачна, што Госпад Бог не пакідае аніводнага грэшнага чалавека і, зноў жа, аніяк па-іншаму збавіць ня хоча, адно толькі як праз Хрыста Госпада, — тое вечнае і дабраславёнае насеньне, спачатку ў раі абяцанае, а як прыйшла поўня часу, з прачыстае дзевы народжанае.

Таксама і зараз, яснавяльможныя ды міласьцівыя Княжаты, нам, апошняму патомству нашых айцоў, перад апошнім днём гэты Айцец усякай міласэрнасьці, зьнішчыўшы сьлепату нашых сэрцаў і вачэй праз Духа Сьвятога і сьвятло Эвангельля Свайго Сына, зноў тлумачыць і нібы паказвае тое споўненае абяцаньне, — Хрыста Госпада, — Якога нам д'ябал у бездані рымскага ды грэцкага Бабілёну зацьміў, Слова Ягонае сьвятое схаваў і таямніцы спаганіў. Вырваўшы з тае Садомы антыхрыставай, Бог зноў вядзе нас да праўдзівага Збавіцеля, Чые законы сьцісла выкладзены тут, у гэтай малой новадрукаванай кнізе на слыннай і здаўна далёка пашыранай славянскай мове.

А Вашым Княжацкім Міласьцям — сынам тых двух у нашай Рэчы Паспалітай нашчадкаў аднаго кораня -- прысьвячаем гэтую кніжку дзеля многіх слушных прычынаў з тым жа самым намерам (каб ніхто не судзіў інакш), што і некалі сьвяты эвангеліст Лука прысьвяціў дзьве свае кнігі пабожнаму ды высакароднаму Тэафілу, а найбольш дзеля таго, каб у вас з маладосьці любоў да Слова Божага ўзьнялася і расла. Таксама і дзеля таго, каб Вашыя Княжацкія Міласьці ня толькі чужазем нымі мовамі захапляліся, але і каб тую здаўна славутую мову славянскую палюбілі ды ёю захапляцца пачалі. Слушная бо справа, каб Вашыя Княжацкія Міласьці любілі мову таго народу, на чале якога здаўна славута стаяць даўнія продкі і Іх Княжацкія Міласьці айцы Вашых Княжацкіх Міласьцяў.

Ды так Госпад Бог усемагутны, Які Сам спрадвек ёсьць пачаткам і адзінай прычынай збаўленьня, знайшоў Вашых Княжацкіх Міласьцей яшчэ ў маладосьці. Будзьце ж удзячнымі за Яго сьвятую міласьць ды прыйміце Такога госьця з адкрытым сэрцам, каб вы па такім наведваньні былі прызнаныя за ўдзячных сыноў. Бо Вашым Княжацкім Міласьцям (як ужо ўзгадана вышэй) першы на гэтай мове плён я толькі дзеля таго ахвяраваў, каб Вашыя Княжацкія Міласьці — высакароднага стану Княжаты і першых у дзяржаве правадыроў сыны — давалі ўсім іншым добры ўзор і прыклад, каб шмат яшчэ хто насьледаваў прыклад Вашых Княжацкіх Міласьцяў ды каб Бацькаўшчына і Рэч Паспалітая маглі чакаць ад Вашых Княжацкіх Міласьцяў дабраславёнай надзеі.

Як раней Вашыя Княжацкія Міласьці паходзілі з аднаго кораня, так і зараз у тым праўдзівым і верным адзінстве дужэйце ды ўзрастайце, каб Вашыя Княжацкія Міласьці заставаліся ў адзінстве ня толькі паводле абавязку сваяцтва, але і каб былі ў адзінстве вызнаньня рыцарамі і братамі адзінага гетмана Ісуса Хрыста ды сынамі адзінага найвышэйшага Бога! У гэтым Вашых Княжацкіх Міласьцяў няхай памножыць і дабраславіць Бог Айцец праз Хрыста, Адзінароднага Сына Свайго, у Духу Сьвятым, нашым Пацяшыцелю. Гэтага мы ад Яго Самога сардэчна зычым Вашым Княжацкім Міласьцям.

А тое, што на гэты час (хаця і не з такой годнасьцю, якой былі б вартыя сьвятыя Божыя табліцы) зь якога ж кольвек дадзенага нам таленту было праўдзіва надрукавана братамі праўдзівага Хрыстовага збору і служкамі Вашых Княжацкіх Міласьцяў, — просім: «Прыйміце, Вашыя Княжацкія Міласьці, ласкава і ўдзячна, пакуль Госпад Бог дапаможа што большае ўчыніць!»

Дадзена з гораду Нясьвіскага ад Нараджэньня Хрыстова ў годзе тысяча пяцьсот шэсьцьдзесят другім, месяца чэрвеня дванаццатага дня.

Вашых Княжацкіх Міласьцяў дабравольныя слугі:

Мацьвей КАВЯЧЫНСКІ,
Сымон БУДНЫ,
Лаўрэнці КРЫШКОЎСКІ.