Пытаньне
Як гэтае слова разумець ды што нам Бог тут забараняе?
Адказ
Разумей яго гэтаксама, як і іншыя прыказаньні, значыць, так разумей, як Сам Хрыстос тлумачыць: ня толькі целам павінен чалавек быць чыстым ад блуду, але і сэрцам, і душой. Бо так Хрыстос сказаў: «Чулі, што сказана прабацькам: “Не чужалож!” А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо яе счужаложыў у сэрцы сваім». З гэтага мы можам зразумець, хто тое слова выконвае ды якой паслухмянасьці Бог чакае ад нас.
Таксама трэба памятаць, што гэтае слова, як і іншыя, зьмяшчае ў сабе дзьве рэчы: першая – што Бог забараняе, другая – што ад нас хоча. Бо мала, калі хтосьці не распусьнічае, але ўсё адно гарыць у сэрцы пажадаю. Ня трэба, каб так было, значыць, няхай бярэ жонку, як Апостал казаў: «Добра чалавеку не дакранаца да жанчыны, але з увагі на распусту, кожны няхай мае сваю жонку». А крыху ніжэй ён жа кажа: «Лепш ажаніцца, чым распаляцца».