Пытаньне

Якія пакараньні дапускае Бог дзеля нячыстасьці або чужалоства?

Адказ

У Законе загадаў Бог такіх забіваць каменьнем, як напісана ў Пятай кнізе Майсея (Паўт. Зак. 22), бо ва ўсе часы Бог караў нячыстых людзей. Напрыклад, перш Бог патапіў увесь сьвет не дзеля якой-небудзь іншай прычыны, як толькі дзеля балванахвальства, дзеля пагарды жабракамі ды дзеля распусты. На Садом дзеля гэтага ж Бог выліў вогненны дождж.

Сыхем, сын Гамора, сілай узяў Дзіну, дачку Якуба, ды яе згвалтаваў, але, зноў жа, яе браты Сымон і Леві забілі за гэта ня толькі Сыхема, але і ягонага бацьку, і ўвесь горад (Роду 34).

У кнізе Судзьдзяў напісана, што жыхары Гібэону згвалцілі ды замарылі гвалтам жонку аднаго лявіта. За гэта сыны Ізраэльскія забілі дваццаць пяць тысячаў мужоў з калена Бэн’яміна, ды і жанчынаў засталося мала (Судз. 20).

Сыны Ізраэльскія, жывучы ў пустыні, распусьнічалі з дочкамі Маабскімі, але дзеля гэтага загінула іх дваццаць тры тысячы (Лічбы 25; 1 Кар. 10).

Давід дзеля чужалоства шмат пакутаваў разам са сваімі падданымі (2 Сам. 14). Амнон, сын Давідаў, учыніў гвалт сваёй сястры Тамары, але хуткім часам загінуў ад рукі Абэсалома (2 Сам. 14).

Якуб пракляў свайго сына Рубэна, бо той ягоны ложак апаганіў (Роду 49). Шмат такіх пакараньняў ёсьць у Сьвятым Пісьме, але найгоршае зь іх усіх тое, што ўсе распусьнікі, калі не пакаюцца, страцяць вечнае жыцьцё. Так бо Апостал піша: «Ані распусьнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані мужчыны, якія жывуць з сабой, ня возьмуць спадчыну ў Валадарстве Божым» (1 Кар. 6: 9-10). Гэтаксама ён казаў да Галятаў: «Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасьць, разбэшчанасьць. Каторыя такіх грахоў дапускаюцца, Валадарства Божага не атрымаюць» (Гал. 5: 19-21).

Тым жа звычаем ён да Гебраяў піша: «Распусьнікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог» (Гебр. 13: 4), а ў іншым мейсцы сьведчыць, што «дзеля распусты, нячыстасьці, любежнасьці, юру прыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства» (Кал. 3:5-6).

Страшныя гэта пагрозы, але людзі ставяцца да іх легкадумна ды не ўважаюць нячыстасьць за грэх. Але Хрысьціянін мусіць ведаць, што ў свой час Бог пакарае ўсіх тых, хто так грашыць, Сам бо сказаў у прарока: «Я – Госпад, Бог ваш, не зьмянюся». Калі раней караў, значыць і цяпер пакарае.

Таму разваж кожны, што робіш, не гняві Госпада Бога ды не любі распусту, паслухай словы Апостала, калі ён сказаў: «Ці ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусьніцы? Ніколі! Або ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцай, творыць зь ёй адно цела? Будуць вось яны, – як сказана, – двое адно цела. Той жа, хто лучыцца з Госпадам, ёсьць адным духам зь Ім. Сьцеражыцеся распусты! Кожны бо грэх, дапушчаны чалавекам, ёсьць па-за целам. Хто грашыць распустай, супраць свайго ўласнага цела грашыць. Ці ж ня ведаце, што цела ваша ёсьць сьвятыня Духа Сьвятога, Каторы ў вас і Каторага маеце ад Бога?» (1 Кар. 6:15-19).