Пытаньне

Што будзе тым, хто выконвае гэтае слова?

Адказ

За чыстасьць сэрца Сам Хрыстос абяцаў вялікае дабраславенства, калі казаў: «Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога аглядаць будуць» (Мц. 5: 8). Акрамя таго, Бог узбагачае такіх людзей і зямнымі даброцьцямі, даючы ім годнае ўтрыманьне, як Хрыстос абвясьціў на вясельлі ў Кане Галілейскай. Бо калі там не хапіла віна, Хрыстос дапамог ім, зьмяніўшы ваду ў віно (Ян 2: 1-10).

Вялікая і ў тым ласка Божая, што чыстых сэрцам людзей Бог робіць сьвятыняй Духа Сьвятога. Гэтае абяцаньне маюць і жанчыны, якія жывуць у шлюбе, захоўваюць вернасьць мужам ды пра дзяцей клапоцяцца, так бо Апостал казаў: «Жанчына будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і сьвятасьці са сьціпласьцю» (1 Цім. 2: 15).

Бачыш, што Дух Сьвяты абяцае жанчынам? Розум чалавечы ўважае нараджэньне дзяцей за мярзоту, а дзявоцтва – за анёльскае жыцьцё, але тут Сьвяты Дух судзіць іншым звычаем: «Будзеш збаўлена, жанчына, нараджаючы дзяцей». З гэтых словаў шмат людзей могуць спазнаць высакароднасьць шлюбу, як той жа Апостал да Гебраяў піша: «Няхай у-ва ўсіх будзе ў пашане сужонства і сужыцьцё беззаганнае» (Гебр. 13: 4). Калі Апостал кажа «ў-ва ўсіх», разумей гэта так, калі б ён сказаў «сярод усіх без выключэньня».