Пытаньне

Якія ёсьць грахі супраць гэтага слова?

Адказ

Як ёсьць сярод людзей розныя станы ці абавязкі, гэтаксама і грахi або злачынствы супраць гэтага слова бываюць розныя. Ды цi варта казаць, што зрэдку ў якiм стане ня знойдзецца злачынства?

Зiрнi перш на вучыцельскі або пастырскi стан: цi ўсе верна пасьвяць статак Хрыстовы? Ці ўсе вучаць праўдзе? Ці ня большасьць вучыцеляў дзеля чэрава глупствам вучыць? Пастыры цi не саміх сябe пасьвяць? Пакажы мне, прашу цябе, епіскапа, які Слова Божае прапаведуе. Аднак я ведаю, што такога па ўсім сьвеце ня знойдзеш. Шмат каго знойдзеш, хто займае пасаду епіскапа, мітрапаліта, архімандрыта, але пакажы мне хаця б аднаго, хто б Божым Словам пасьвіў статак Хрыстовы. А як жа такіх назваць? Ведаю, што гэта вас гневае, але Сам Хрыстос назваў вас разбойнікамі і рабаўнікамі, — значыць, злодзеямі, бо так Ён сказаў: «Хто не ўваходзіць у аўчарню празь дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік. А хто ўваходзіць празь дзьверы, той пастыр авечак» (Ян 10: 1-2).

Вось бачыш, як Хрыстос заве тых, што прыходзяць да авечак не празь дзьверы, але інакш, — значыць, за хабар прыходзяць на епі-скапства ці на іншае пастырства. Таму знаходзім злачынства найперш сярод духоўных пастыраў. Ды яшчэ трэба заўважыць, што яны робяць злачынства двойчы: ня вучаць і крадуць праўду ў людзей, да таго ж спажываюць царкоўную маёмасьць, а за гэта не выконваюць сваіх абавязкаў ды тым звычаем абкрадаюць убогіх Хрысьціянаў і ў справах духоўных, і ў справах штодзённых.

Гэтаксама мяркуй і пра сьвецкіх начальнікаў, калі, не спаталяючыся звыклымі прыбыткамі, яны ня ведаюць меры ды выдумляюць падданым падаткі, перадусім без ваеннай патрэбы.

Крадуць падданыя ў сваіх паноў, калі несумленна аддаюць падаткі, калі кепска працуюць або не спаўняюць іншых сваіх абавязкаў.

Крадуць рамесьнікі, калі не богабойна прадаюць сваю працу.

Крадуць купцы ды гандляры, калі падманваюць людзей кепскім таварам ці калі ў простых людзей набываюць нейкую рэч за малыя грошы.

Крадуць тыя, што хлеб надарэмна ядуць ды нічога ня робяць.

Крадуць жабракі, якія могуць пракарміцца працай, але ня хочуць працаваць ды жабруюць.

Крадуць ліхвяры, што пазычаюць грошы ды за гэта бяруць гасьцінцы або ліхву.

Крадуць гульцы ў косьці ды ўсе гульцы, якія гульнёй у косьці, карты ці што іншае забіраюць чужую маёмасьць.

Крадуць зьбіральнікі мыта, калі патрабуюць больш, чым усталявана.

Крадзе пан, калі ня плаціць свайму служцы заслужанай узнагароды.

Крадзе служка, калi служыць гаспадару не як належыць.

Крадзе той, хто ва ўрадзе сядзiць, а злодзеяў, як Бог загадаў, не карае.

Карацей кажучы, гэтае слова парушаюць перад Богам усе тыя людзі, што не аддаюць належнага або не ўдзяляюць са сваёй маёмасьці патрабуючаму.