Пытаньне

Каму трэба даваць мiласьцiну?

Адказ

Узялі сабе тут, у нашых землях, гультаяватыя людзі за звычай: той, хто працаваць ня хоча, ідзе ў жабракі, нават калі здаровы і малады, ды так зь міласьціны жыве. Але нядобры гэта звычай i мусіў бы ўрад такіх людзей уціхамірыць, каб не маглі, калі ім захочацца, жабраваць, або, праўду кажучы, — падманваць ды пад выглядам жабрацтва красьці.

І ёсьць важныя прычыны, дзеля якіх урад мусіць ім гэта забараніць. Найперш таму, што Бог загадаў усім здаровым людзям працаваць ды жыць са сваёй працы, як Сам сказаў Адаму: «З працы будзеш жывіцца ва ўсе дні жыцьця твайго» (Роду 3). Апостал, зноў жа, гаварыў: «Хто працаваць ня хоча, няхай і ня есьць» (2 Тэс. 3: 10). Другая прычына таксама ёсьць: люд просты дае міласьціну толькі тым, хто можа хадзіць, з-за чаго сапраўдныя жабракі церпяць голад. Таму, кажу, няхай урад забароніць тым здаровым жабракам міласьціну і прасіць, і браць ды дасьць ім працу, каб яны ў сапраўдных жабракоў міласьціны ня кралі, але елі свой хлеб.

Міласьціна няхай так даецца: найперш, там, дзе ёсьць дыяканы, — дыяканам. Бо іхні абавязак – не кадзіць ці штосьці іншае рабіць, але толькі зьбіраць міласьціну ды дапамагаць убогім, каб ня мелі ніякай нястачы. Пра гэта ў Дзеях Апостальскіх дастаткова напісана. Мусяць таксама зь міласьціны і вучыцелі жыць, бо Хрыстос сказаў: «Работнік варты ўзнагароды сваёй» (Мц. 10: 10). Тым жа звычаем і Апостал сьведчыць, што Госпад загадаў тым, хто дабравесьціць, з дабравесьця жыць (1 Кар. 9: 14), ды ў іншым мейсцы піша: «Хай жа навучаны дзеліцца ўсялякім даброцьцем з тым, хто яго навучае» (Гал. 6: 6).

Таксама міласьціну трэба даваць усім убогім старым, нядужым, хворым маладым, сіротам, старым удовам ды тым, каго Бог пакараў або пажарам, або вайною, або іншай шкодай. Як пра Гіёба напісана, што ягоныя сябры пасьля ўсіх шкодаў ды многіх цярпеньняў далі яму па грошу, або (як некаторыя пераклалі) па авечцы ды па залатой завушніцы (Гіёб 42).