Пытаньне

Як Бог карае тых, хто гэтае слова парушае?

Адказ

Розныя ёсьць грахі супраць гэтага слова, як ужо вышэй было ўзгадана, дзеля гэтага і пакараньні ёсьць або бываюць таксама розныя.

Найперш хцівых людзей Бог карае тут, на зямлі, нястачаю ды жабрацтвам. Так бо Салямон піша: «Чалавек ліхога вока сквапны на багацьце, а ня ведае, што бяда прыйдзе на яго» (Прып. 28), а крыху раней перад гэтым ён кажа: «Хто хоча скора ўзбагацець — не міне кары» (Прып. 28). Ды ён жа сказаў: «Крыўдзіцель беднага аддасьць сваю маёмасьць багатаму, а сам зьбяднее» (Прып. 22).

Яўныя гэта сьведчаньні, як Бог карае на гэтым сьвеце тых, хто забываецца на восьмае прыказаньне, але нашмат горш Ён абяцае такіх пакараць у будучым жыцьці. Значыць, усіх неміласэрных, якія не дапамагаюць бліжняму ў час патрэбы, таксама злодзеяў, хабарнікаў, крыўдзіцеляў асудзіць Бог на вечную пакуту. Бо ў Сьвятым Эвангельлі напісана, што на Апошнім Судзе скажа Валадар усім, што леваруч Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д’яблу ды анёлам ягоным. Бо Я хацеў есьці, і вы не далі Мне; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў нагі, і не адзелі мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і не адведалі Мяне» (Мц. 25: 41-43). І трохі ніжэй: «Як вы не зрабілі гэта аднаму з гэтых меншых, то не зрабілі Мне. І пойдуць гэтыя на пакуту вечную».

Таму і Апостал піша: «Дык не падманвайце сябе: ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага» (1 Кар. 6: 10). Салямон пра неміласэрных так піша: «Хто вушы свае затыкае на кліч беднага, той сам будзе прызываць, але ня будзе выслуханы» (Прып. 21).