Пытаньне

Калі ўсякая няпраўда – грэх, то Абрагам саграшыў, калі, прыйшоўшы ў Эгіпет, не сказаў, што Сара была ягонай жонкай, але зваў яе сваёй сястрой (Роду 12, 20, 26). Тое ж ён зрабіў, калі гасьцяваў у зямлі Гэрарскай. Тым жа звычаем учыніў Ізаак у той жа зямлі Гэрарскай.

Адказ

Адна справа – хлусьня, іншая – утаеньне ў час патрэбы. Хлусіць той, хто праўду зьмяняе ў няпраўду, жадаючы такім чынам зрабіць бліжняму блага або яму нашкодзіць. Хто так робіць, той парушае гэтае дзевятае слова.

Але ж сьвятыя мусілі часам некаторыя справы утойваць, каб ня здарыліся рэчы горшыя. За ўзор маем гебрайскіх павітухаў (Вых. 1), якія казалі эгіпецкаму фараону, што жанчыны-гебрайкі, нараджаючы дзяцей, ня клікалі павітухаў. Не было гэта праўдай, але павітухі добра зрабілі. Фараон загадаў ім забіваць сыноў гебраек, а яны такім чынам не выконвалі ягоную жорсткую пастанову. А што тыя павітухі не сагрышылі, Дух Сьвяты сьведчыць праз Майсея, які піша, што Бог дабраславіў тых павітухаў.

Гэтаксама ўчыніла Рагаб у Ерыхоне (Іс. Нав. 2): калі Ерыхонскі валадар загадаў ёй выдаць пасланцоў Ісуса Навіна, яна, схаваўшы іх, сказала, што пасланцы ўжо пайшлі з гораду. Дык жа ў тым Рагаб не саграшыла, і ня можа гэта лічыцца хлусьнёй, бо яна так зрабіла, каб абараніць жыцьцё тых выведчыкаў.

Тым жа звычаем адна жанчына абыйшлася з Ахімаасам ды Ёнатанам – выведчыкамі Давіда (2 Сам. 17). Схаваўшы іх у калодзежы, яна сказала слугам Абесалома, што тыя, напіўшыся крыху вады, ужо зыйшлі. Ды шмат яшчэ такіх узораў ёсьць у Сьвятым Пісьме.

Дзеля гэтага і трэба ведаць розніцу паміж хлусьнёй ды патрэбным утаеньнем. Хлусіць – значыць ня толькі праўду схаваць, але да таго ж рабіць няпраўду, каб нашкодзіць ці каб пакрыўдзіць бязьвіннага чалавека. Зноў жа, утойваць штосьці дзеля добрага намеру – не хлусьня і ня грэх, але міласэрнасьць. Абрагам сярод чужых людзей назваў Сару сястрою не таму, што задумаў супраць іх нешта благое, але толькі каб самому быць у бясьпецы. Таму ён ані схлусіў, ані саграшыў.

Дык жа памятай, што ўсякая хлусьня – грэх, калі толькі не дзеля вялікай патрэбы сказана, гэтаксама як і грэх выхваляцца або без патрэбы, толькі дзеля звычаю або дзеля мінаючай славы, небыліцы распавядаць. Такой звычкі мусіць чалавек сьцерагчыся, Хрыстос бо сказаў: «Хай жа тады слова вашае будзе: “Так, так”. “Не, не”. А што болей — гэта ад ліхога» (Мц. 5: 37 ).