Пытаньне
Дзеля чаго ж Бог даў гэтае прыказаньне, калі яго ніхто ня можа выканаць?
Адказ
Ня толькі гэтага прыказаньня, але і ўсіх іншых чалавек ня можа выканаць. Бо кожнае прыказаньне патрабуе і хоча дасканалага выкананьня, як ужо мы казалі, але чалавек страціў такую сілу, стаўшыся падданым граху, як і Апостал пра гэтую ж прычыну засьведчыў, калі сказаў: «Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны» (Рым. 7: 14).
Не дзеля таго Бог даў Закон, каб чалавек мог яго выканаць, але найбольш дзеля таго, каб спазнаў ды ўбачыў сваю недасканаласьць. Ды, убачыўшы, каб не на самога сябе спадзяваўся, але каб дзе ў іншым мейсцы шукаў лекаў ды збаўленьня. А дзеля лепшага разуменьня пабач ды памятай, што траякі ёсьць прыбытак ад Закону. Першы прыбытак ад Закону – пакараньне, якога патрабуюць і добрыя, і благія, бо Бог хоча благіх людзей уціхамірваць ды караць. А добрым людзям патрэбны навука ды пакараньне, найбольш маладым людзям ды простым.
Другі прыбытак Закону – выкрыцьцё грахоў ды перасьцярога сумленьню, пра гэта Апостал піша: «Бо праз Закон пазнаецца грэх» (Рым. 3: 20) і ў іншым мейсцы: «Бо Закон выклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і праступку. Калі б не было Закону, як бы спазналі, што ёсьць грэх?» (Рым.4: 15).
Трэці прыбытак ад Закону — апраўданым, каб яны ведалі, якія справы павінны рабіць. Бо хаця яны і вольныя ад асуджэньня Закону, але ня вольныя рабіць усё, што захочацца. Пра гэта Хрыстос сказаў: «Не прыйшоў Я скасаваць Закон» (Мц. 5: 17).