Пытаньне
Што трэба заўважыць пры кожным слове Божых прыказаньняў?
Адказ
Чатыры рэчы пры кожным прыказаньні патрэбна заўважыць ды памятаць. Першая рэч – што прыказаньне нам загадвае ды што забараняе. Другая рэч – дзеля чаго. Трэцяя рэч – каб маглі прыказаньне выконваць. Чацьвёртая – што Бог любіць і недасканалае выкананьне прыказаньняў.
Пра першую рэч мы казалі пры кожным прыказаньні. Пра другую рэч мусім ведаць, што кожнае прыказаньне дадзена Богам дзеля таго, каб мы баяліся Бога ды рабілі тое, што Ён загадвае. Пра трэцюю рэч мусім ведаць, як мы ўжо гаварылі, што не было, няма ды ня будзе на сьвеце чалавека, які б увесь Закон выканаў дасканала. Ды ня кажучы ўжо пра ўвесь Закон, нават аднаго прыказаньня ніхто дасканала ня выканаў, акрамя толькі Самога Сына Божага Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён увесь Закон Сам споўніў.
Чацьвёртая рэч, якую маем ведаць: нашыя ўчынкі могуць падабацца Богу, нават калі яны недасканалыя. Гэта так мусім разумець: хаця нашая паслухмянасьць і недасканалая, але мы вераю ў Сына Божага дагаджаем Богу і Яму падабаемся. Таму і ўчынкі нашыя, хаця і недасканалыя, Бог любіць. Бо калі Бог любіць чалавека, то і ягоныя ўчынкі любіць. Ды зноў жа, калі нейкага чалавека Бог ня любіць, тады і ягоныя ўчынкі палюбіць ніяк ня можа, як Апостал да Гебраяў піша: «А бязь веры немагчыма падабацца Богу» (Гебр.11: 6). І ў іншым мейсцы кажа: «А ўсё, што робіцца не па веры, грэх» (Рым. 14: 23).