Пытаньне
Распавёў ты напачатку гэтай размовы, што чатыры ёсьць часткі навукі хрысьціянскай, і сказаў, што першая частка – гэта дзесяць Божых прыказаньняў, другая – вызнаньне веры, трэцяя – малітва Госпадава, чацьвёртая частка – навука пра Таямніцы Хрыстовыя.
Што датычыцца першай часткі, ужо я ведаю, як разумець кожнае прыказаньне, як Бог карае непаслухмяных, як паслухмяных мілуе, ды іншыя гэтакія рэчы памятаю. Цяпер, прашу цябе, растлумач мне другую частку – пра веру ды пра яе вызнаньне. Перадусім скажы мне, што ёсьць вера?
Адказ
Вера, паводле Апостала, ёсьць зарука чаканага і пэўнасьць у рэчах нябачных (Гебр.11:1). Значыць, хаця хтосьці нечага і ня бачыў, аднак так у тое верыць, быццам бы тое бачыў, – гэта і ёсьць вера. Напрыклад, нікога зь людзей не было пры стварэньні сьвету, аднак жа мы верым, што ён Богам створаны.