Пытаньне

Хто напісаў «Вызнаньне, або Сымбаль веры»?

Адказ

Не адно ёсьць вызнаньне веры. Бо ледзь не на кожным Саборы, дзеля герэтыкоў, якія часта паўставалі ды сеялі новыя вучэньні, складалася вызнаньне веры. Самае першае вызнаньне тое, што па-грэцку завецца «Сімволон тон агіон апостолон», гэта значыць «Пароль, або Вызнаньне сьвятых Апосталаў».

Спачатку яго мелі між сабой хрысьціяне, але потым паўстаў герэтык Арый, які не вызнаваў Хрыста праўдзівым Богам. Дзеля таго сьвятыя вучыцелі, што былі на той час, сабраўшыся ў горад Нікейскі, мусілі далучыць да першага «Сымбалю веры» некаторыя словы зь Пісьма Сьвятога.

Зноў жа, паўстаў Македоні, які блюзьніў на Сьвятога Духа, кажучы, што Ён створаны. Дзеля таго зыйшліся епіскапы ў Канстанцінопаль ды далучылі некаторыя словы да «Сымбалю» Нікейскага. Гэты «Сымбаль» і зараз гавораць па грэцкіх цэрквах, хаця пазьней складаліся іншыя вызнаньні, напрыклад, у Халкэдоне супраць Эўтыха і ў Эфэсе супраць Несторыя ды іншыя.