Пытаньне

Дзеля чаго гэты «Сымбаль» не згаджаецца з «Сымбалем» Апостальскім?

Адказ

Ужо назваў я прычыну, дзеля якой былі далучаныя некаторыя словы, што не супярэчаць, але зьмяшчаюць больш дакладную навуку пра Сьвятую Тройцу. Падставу ж дзеля гэтага далі тым першым хрысьціянам герэтыкі. Таму і адрозненьне або нязгода ёсьць толькі ў словах, але не ў разуменьні. Як прыклад можам узяць першы верш «Сымбалю». У Апостальскім вызнаньні было так напісана: «Веру ў Адзінага Бога Айца Ўсемагутнага, Творцу неба і зямлі». Толькі ў гэтыя словы вызнавалі спачатку першую асобу Сьвятой Тройцы. Такім вызнаньнем першыя хрысьціяне былі задаволеныя, пакуль Манент-герэтык не пачаў вучыць, што толькі дзьве асобы – Бог і д’ябал – усім рэчам даюць пачатак (чытай Эпіфанія пра герэзыі). Ён блюзьніў, што творца бачных рэчаў – д’ябал, а нябачных – Бог. Дзеля гэтага сьвятыя епіскапы, якія былі на той час, далучылі словы: «Усяго бачнага і нябачнага».

Тым жа звычаем і другую асобу Найсьвяцейшай Тройцы першыя хрысьціяне, паводле Апостальскага «Сымбалю», так вызнавалі: «І ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага». Гэтым вызнаньнем былі ўсе задаволеныя, пакуль той хітры зьмей не ўзьняў пасярод Александрыйскіх прэсьвітэраў нейкага Арыя, які вучыў, што Збаўца – Сын Божы не па сутнасьці, але, як і мы, па міласьці Божай. Значыць, Ён – ня Творца, але стварэньне. Дзеля гэтага сьвятыя айцы далучылі словы: «Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі, Сьвятло са Сьвятла, Бога праўдзівага з Бога праўдзівага, народжанага, а ня створанага, адзінасутнага Айцу, і празь Яго ўсё сталася». Гэта і ёсьць прычына, дзеля якой не згаджаюцца ў словах вызнаньні веры.