Пытаньне

Гавары другую частку хрысьцiянскага «Паролю».

Адказ

Другая частка паролю тая, дзе мы вызнаём Сына Божага, Госпада нашага, у такiя словы: «Веру ў адзiнага Госпада Iсуса Хрыста, Сына Божага адзінароднага, Які з Айца народжаны перад усiмi вякамi, Сьвятло са Сьвятла, Бога праўдзiвага з Бога праўдзiвага, народжанага, а ня створанага, адзiнасутнага Айцу, празь Яго ўсё сталася».

Гэта вызнаньне веры ў Боскасьць Сына Божага, а словы, што будуць пасьля, кажуць пра Ягонае ўцелаўленьне такім звычаем: «Ён дзеля нас, людзей, i дзеля нашага збаўленьня зыйшоў зь неба, быў пачаты з Духа Сьвятога i прыняў цела зь дзевы Марыi, укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пiлаце, пакутаваў i быў пахаваны, i ўваскрос на трэцi дзень паводле Пiсаньняў, узыйшоў на неба, сядзіць праваруч Айца i прыйдзе ў славе судзiць жывых i памерлых, Яго ж валадарству ня будзе канца.» Гэта i ёсьць другая частка.