Пытаньне

Якім звычаем Хрыстос – сьвятар навечна?

Адказ

Ужо я казаў, што сьвятары мелі тры абявязкі, хаця і не былі сьвятарамі праўдзівымі, але толькі насілі на сабе вобраз сьвятарства Хрыстова. Аднак толькі Хрыстос гэтыя тры абавязкі і цяпер выконвае, таму Ён – сьвятар навечна. Не дзеля таго бо Ён узыйшоў на неба і сеў праваруч Бога, каб там адпачываць, але дзеля таго, каб пра нас перад Богам узгадваць, як Апостал да Гебраяў піша: «Сьвятарства непераходзячае мае Хрыстос, дзеля таго і збаўляць можа Ён назаўсёды прыступаючых празь Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за нас заступацца» (Гебр. 7: 25).

У гэтых словах Апостал нам паказвае, што Хрыстос маліўся за грэшнікаў ня толькі калі быў пасярод нас, але і зараз Ён наш Заступнік перад Богам. І гэта ёсьць першы абавязак сьвятара. Другі абавязак – прыносіць ахвяру, каб былі дараваныя грахі людзей. І паводле гэтага абавязку Хрыстос – Сьвятар, або Першасьвятар, бо хаця Ён толькі аднойчы прынёс Самога Сябе ў ахвяру, але сіла гэтай ахвяры трывае вечна. Той, хто паверыць у Хрыста, становіцца супольнікам Ягонай ахвяры, значыць, атрымлівае прабачэньне грахоў дзеля Ягоных пакутаў і сьмерці. Пра гэта Апостал так піша: «Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога, чакаючы, аж пакуль у канцы ворагі Ягоныя будуць паложаны ля падножжа ног Ягоных. Вось, Ён адной ахвярай удасканаліў на вякі тых, якія асьвечаны» (Гебр. 10: 12-13).

Таксама і трэці сьвятарскі абавязак выконвае зараз Хрыстос, значыць, Ён вучыць нас волі Закона Божага. Бо хаця Сам Ён узыйшоў на неба і тут, на зямлі, Яго з намі няма, але ад Яго мы маем Апосталаў ды розных вучыцеляў, як Апостал да Эфэсцаў піша: «Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага» (Эф. 4: 7). Там жа ён кажа: «Узыходзячы на вышыню, павёў палон у няволю і даў людзям дары», ды крыху ніжэй Апостал пералічвае гэтыя дары, у такія словы пішучы: «Хто зыйшоў, Той Самы і ўзыйшоў вышэй усяго неба, каб усё напоўніць. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх – прарокамі, іншых – эвангелістамі, а яшчэ іншых – пастырамі і вучыцелямі, на ўдасканаленьне сьвятых, на патрэбы служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага».

Ужо, я спадзяюся, ты разумееш, якім звычаем Хрыстос – валадар ды сьвятар, ды ня толькі гэта, але яшчэ з тых словаў ты мог зразумець, якія мы маем здабыткі зь Ягонага валадарства ды сьвятарства.