Пытаньне

Ужо гэта ўсё ласкай міласэрнага Бога я добра разумею. Але скажы ды растлумач мне, дзеля чаго ў тым хрысьціянскім вызнаньні мы называем Хрыста адзінародным Божым Сынам, да таго ж адзінасутным Богу Айцу?

Бо і нам Бог падараваў гонар быць сынамі Божымі, і Сам Хрыстос навучыў нас зваць Бога нашым Айцом (Мц. 6), таксама Ян напісаў: «А каторыя Яго прынялі, дало ім моц стацца сынамі Божымі» (Ян 1:12).

Адказ

Калі Бог называе нас сынамі або Сваімі дзецьмі, робіць так не дзеля таго, што мы па прыродзе нашай сыны Божыя, але дзеля таго, што праз Свайго Сына Ён падараваў нам тое права. Так бо Апостал у лісьце да Галятаў гэта тлумачыць, кажучы: «А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, народжанага пад Законам, каб адкупіў тых, якія былі пад Законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленьне» (Гал. 4: 4-5).

Пільна зважай, што піша Апостал. Ён ясна кажа, што дзеля таго Бог паслаў Свайго Сына, каб адкупіць нас зь няволі Закону ды яшчэ каб мы прынялі ўсынаўленьне дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо там жа сам Апостал далучае такія словы: «А дзеля таго, што вы – сыны, спаслаў Бог Духа Свайго ў сэрцы вашыя, які кліча: «Абба, Ойча!» Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Божы празь Ісуса Хрыста».

Тут ты ясна бачыш, адкуль мы маем той гонар быць сынамі ды спадкаемцамі Божымі, Апостал бо сказаў, што мы атрымалі гэта празь Ісуса Хрыста. Таму слушна названы Хрыстос адзінародным Сынам Божым, Ён бо – Сын паводле прыроды, а мы – сыны паводле Ягонай ласкі. А паколькі Ён і Айцец – адно, таму і названы адзінасутным Айцу. Калі б Сын Божы меў іншую сутнасьць, ужо быў бы ня Богам і Творцам, але чалавекам і звычайным стварэньнем, бо Сам Бог пра Сябе часта гаворыць, што няма іншага бога апроч Яго. У прароцтве Ісаі Ён так сказаў: «Я ёсьць, і раней Мяне не было Бога, і пасьля Мяне ня будзе. Я, Я - Госпад, і па-за Мной няма Збаўцы» ( Іс. 43).

Дзеля гэтага і Хрыстос ня нейкі іншы, але тоесны Айцу і Духу Сьвятому, таму мы вызнаём Яго адзінасутным Айцу, Сам бо Ён сказаў Піліпу: «Ці ня верыш, што Я – у Айцы, а Айцец – у-ва Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу: Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць даконы Свае. Верце Мне, што Я – у Айцы, а Айцец – у-ва Мне» (Ян 14:10). Пільна памятай на гэтыя словы, каб ад праўды не адступіцца.