Пытаньне
Дзеля чаго далучаны словы: «І празь Яго ўсё сталася»?
Адказ
Бо ўсё Сьвятое Пісьмо сьведчыць пра Божага Сына, што Ім створаны ўсе рэчы. Напрыклад, Майсей, распавядаючы пра стварэньне сьвету, кажа, што Бог, хочучы стварыць сьвятло, сказаў: «Хай станецца сьвятло!» Потым, хочучы стварыць цьвярдыню, сказаў: «Хай паўстане цьвярдыня!» (Роду 1) Тым жа звычаем Майсей сьведчыць, што ўсе іншыя рэчы створаны Божым Словам.
Давід таксама піша: «Словам Госпада створаны нябёсы і дыханьнем вуснаў Ягоных безьліч духаў неба» (Пс. 32). Слова ж гэтае – Сын Божы, так бо Ян казаў: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было на пачатку ў Бога. Усё празь Яго сталася, і безь Яго не сталася нічога з таго, што сталася» (Ян 1:1-3).
На дзьве рэчы зьвярні тут увагу: па-першае, калі ты не зразумеў тых словаў Майсея «Сказаў Бог», або словаў Давіда «Словам Госпада створаны нябёсы», то Ян тлумачыць, што гэтае Слова ёсьць Бог; па-другое, праз гэтае Слова ўсё сталася. З тае прычыны далучаны гэтыя словы да хрысьціянскага вызнаньня, каб усе разумелі Сына Божага не стварэньнем, але, як і Бога Айца, Творцам.