Пытаньне
Чаму, зноў жа, іншым звычаем Ён пачаўся ў дзявочым улоньні? Чаму ня так, як усе людзі пачынаюцца, калі Ён меўся быць праўдзівым чалавекам? Бо ў вызнаньні сказана: «Быў пачаты з Духа Сьвятога».
Адказ
Калі б Хрыстос быў пачаты так, як і мы, а ня з Духа Сьвятога, то ня змог бы Ён паслужыць нашаму ачышчэньню, бо і Сам ня быў бы вольным ад граху. Так бо Сам Мікадыму сказаў: «Тое, што нарадзілася зь цела, ёсьць целам» (Ян 3: 6). Дзеля таго Ён быў пачаты бяз мужа ва ўлоньні прачыстае дзевы за справай Сьвятога Духа, каб стацца годным Пасярэднікам ды Сьвятаром, як Апостал да Гебраяў казаў: «Такога вось належалася мець нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба, які не павінны, як іншыя першасьвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае грахі, а пасьля за грахі народу» (Гебр. 7: 26-27).