Пытаньне
Дзеля чаго «Вызнаньне» ўзгадвае ўцелаўленьне Сына Божага, нараджэньне са сьвятой дзевы, а потым, мінаючы Ягонае жыцьцё на зямлі, кажа пра ўкрыжаваньне?
Адказ
«Вызнаньне веры» кажа толькі пра тое, на чым залежыць збаўленьне ды адпушчэньне грахоў. Яно не распавядае пра жыцьцё Хрыста тут, на зямлі, але кажа толькі пра Ягонае ўкрыжаваньне ды ўваскрасеньне таму, што ад гэтага залежыць нашае збаўленьне – значыць, адпушчэньне грахоў ды апраўданьне, як Апостал казаў: «Ён быў выдадзены за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага» (Рым. 4: 25). Тым жа звычаем і прарок пра Яго гаварыў: «Ён быў пакалечаны за грахі нашыя, пабіты за нашыя злачынствы; бічаваньне спала на Яго на збаўленьне нашае, Ягонымі ранамі мы аздароўленыя» (Іс. 53). Ясна ён тут прапаведуе, што раны Хрыста нас аздаравілі.
Вось тая прычына, чаму Пароль, або Вызнаньне, узгадвае пра нараджэньне, укрыжаваньне ды ўваскрасеньне Хрыста: ад гэтага залежыць нашае збаўленьне.