Пытаньне

Які нам здабытак з таго, што Сын Божы памёр?

Адказ

Першы здабытак мы з гэтага маем, бо ведаем, што сьмерць Госпада – сапраўдная ахвяра за нашыя грахі, што гэтай ахвярай Ён гнеў Божы супакоіў ды прывёў нас у Божую міласьць. Другі здабытак маем таму, што сьмерць Госпада выцерла з Божае памяці ўсе нашыя грахі, дзеля якіх мы не маглі стаць перад абліччам Божым. Праз Сваю кроў Ён скасаваў напісанае супраць нас рукою, як Апостал сказаў: «І вас, мёртвых праз грахі і неабразаньне цела вашага, ажывіў вас зь Ім, дараваўшы нам усе грахі, скасаваўшы напісанае рукою асуджаючае нас, што было супраць нас, і ўзяў Яго з-паміж нас і прыбіў да крыжа» і так далей (Кал. 2: 13-14).

Трэці здабытак са сьмерці Хрыста ў тым, што Ягоная сьмерць утрымлівае нас ад грахоў. Такім звычаем гэта бывае: мы бачым, якія вялікія ды цяжкія пакуты зьведаў Хрыстос дзеля непаслухмянасьці нашага бацькі Адама. Пакуты ж гэтыя дапусьціў на Яго Сам Бог, бо Прарок піша, як Сам Бог пра Хрыста сказаў: «Удару пастыра, і разьбягуцца авечкі статку» (Зах. 13). Калі мы ў гэта верым, кажу, то лягчэй нам зразумець, што Бог вельмі ненавідзіць грэх, бо за яго Ён так жорстка пакараў Свайго Сына, што Той закрычаў: «Божа, Мой Божа, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц. 27: 46, Мк. 15: 34) Такі вось гнеў Божы дзеля грэху бачачы, верныя Хрысьціяне сьцерагуцца грахоў, ведаючы, што грэх без пакараньня не застанецца.

Гэта вось здабыткі пакутаў ды сьмерці Госпада нашага Ісуса Хрыста, іншыя бо зараз ня ўзгадваю.