Пытаньне
У «Сымбалі, або Апостальскім вызнаньні» пасьля пахаваньня Хрыста ўзгадваецца Ягонае зыходжаньне ў пекла. Што ты наконт гэтага мяркуеш? Што такое пекла?
Адказ
Ня ўсе тлумачальнікі «Апостальскага вызнаньня» ўзгадваюць пра гэтую частку, і мне здаецца, што гэтыя словы далучылі да саборнага вызнаньня пазьней. Яшчэ больш дзіўна тое, што Ян, епіскап Канстанці-нопальскі, празваны Златавусным, напісаўшы пра «Апостальскі Сымбаль» дзьве гутаркі, у першай гутарцы пра зыходжаньне ў пекла не ўзгадвае, у другой жа яго і ўзгадвае, і тлумачыць. Але, як бы там ні было, належыць нам разгледзець, што Сьвятое Пісьмо кажа пра пекла ды як разумее зыходжаньне Хрыста ў пекла. Часта бо знаходзім у Сьвятым Пiсаньнi гэтае слова «пекла», але не на кожным мейсцы яно тое самае значыць.
Перадусім бо яно азначае «магiла», як у Псальмах Давiд напiсаў: «Бо не пакiнеш душы маёй у пекле, не дасi сьвятому Твайму ўбачыць тленьня» (Пс. 15). Тут Давiд кажа «пекла» замест «магiла»: «Не пакiнеш душы маёй у пекле» азначае тое ж, што i калi б ён сказаў: «Не пакiнеш душы маёй у магiле.» Тым жа звычаем разумей словы Якуба, калi ён пра Язэпа так сказаў: «Са смуткам пайду за сынам маім у пекла» (Роду 37). Зноў жа, часам гэтае слова азначае тое мейсца, дзе знаходзяцца душы грэшнiкаў, як у прыповесьцi пра багацея ды пра Лазара Хрыстос гаварыў: «Памёр таксама i багаты, і быў пахаваны. І ў пекле, церпячы мукі... » (Лк. 16: 22-23), маючы на ўвазе мейсца асу-джаных або грэшнiкаў.
Што ж датычыцца зыходжаньня Хрыста ў пекла, не павiнны мы разважаць пра гэта як тыя, што, старэчыя выдумкі змысьлiўшы, напiсалi, нiбыта Хрыстос у той час, калi Ягонае цела ляжала ў магiле, меўся зыйсьцi ў мейсца, дзе былі душы сьвятых айцоў, ды адтуль Ён гэтыя душы вывеў. Нiдзе бо пра гэта не напiсана.