Пытаньне

Кажаш, што пра зыходжаньне Хрыста ў пекла Сьвятое Пісьмо нідзе ня ўзгадвае, але мне здаецца, што ў многіх мейсцах пра гэта зной-дзем. Перадусім, у першым лiсьце сьвятога Апостала Пятра ясна пра гэта напiсана ў такiя словы: «Хрыстос таксама памёр за грахi, Справядлiвы за несправядлiвых, каб вас давесьцi да Бога, забiты целам, але паклiканы Духам да жыцьця. У Iм пайшоў вясьцiць збаўленьне нават духам, замкнутым у вязьнiцы» (1 Пт. 3: 18-19).

Тут, як мне здаецца, Апостал дакладна пiша пра зыходжаньне Збаўцы ў пекла. Яшчэ адно мейсца знойдзем у Прарока Захарыi ў такiя словы: «І ты ў крыві запавету твайго вызвыліў зьняволеных сваіх з рову бязводнага. Вярніцеся ў крэпасьць, вязьні надзеі: сёньня таксама абвяшчаю, што ўзнагароджу цябе ўдвая» (Зах. 9). I тут, як я бачу, Прарок кажа пра тое ж зыходжаньне ды сьведчыць, што Хрыстос выпусьцiў зьняволеных зь ямы, у якой не было вады, значыць, душы сьвятых зь пекла.

Таксама ў iншага Прарока Сам Бог абяцаўся скрышыць брамы пекла перад Госпадам, у такiя бо словы прамовiў: «Я пайду перад Табою і паніжу горы, брамы чыгунныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю. І перадам Табе схаваныя скарбы і багацьці сакрытыя» i так далей (Iс. 45). Таксама ў псальме вось гэтыя словы: «Адчынiце, князi, брамы вашыя, адчынiце брамы вечныя, ды ўвойдзе Валадар Славы» (Пс. 23) - да каго іншага былі зьвернуты, калi не да князёў пекла, калi Хрыстос у пекла зыходзіў?

Ды ня толькi Пiсьмо Сьвятое, але i багасловы кажуць пра зыхо-джаньне Хрыста ў пекла, адзiн зь iх, Дамаскiн, так пiша: «Зыйшла ў пекла Боская душа, каб, i на зямлi жывучым, i пад зямлёю, у цемры i ценю сьмерцi сiдзячым, зазьзяла сонца праўды» (у трэцяй кнiзе праваслаўнай веры). Адкажы мне на гэта.

Адказ

Ведаю, што з даўнiх часоў узьнік сярод хрысьцiянаў звычай (ды ня толькi сярод людзей простых, але i сярод вучоных), неяк дзiвацкі пра пекла ды пра зыходжаньне ў пекла Хрыста разважаць. Перадусім яны кажуць, што пекла зьмяшчаецца ў сярэдзiне зямлi. Далей, пра Хрыста яны мяркуюць, што Ягоная душа, разьдзялiўшыся зь целам, пакуль цела было ў магiле, зыйшла з анёламi ў пекла i вывела адтуль душы сьвятых айцоў. Да такога свайго меркаваньня яны далучаюць узгаданыя сьведчаньнi зь Пiсьма Сьвятога: зь лiсту Пятра, з прароцтваў Захарыi, Iсаi ды iншых.

Але ж ня так трэба разумець зыходжаньне Хрыста ў пекла, ды і гэтыя сьведчаньні зь Пісаньняў не пра пекла кажуць. Вядома бо са Сьвятога Эвангельля, што Хрыстос, памiраючы, абяцаў ня ў пекла зыйсьцi, але, перадусім, прыймаючы пакаяньне разбойнiка, абяцаў у той жа дзень быць зь ім у раi, а потым у руку Божую аддаў Дух Свой. Анi перад сьмерцю, анi памiраючы не казаў Госпад, што зьбiраецца зыходзіць у пекла. Бо калi б Ён меўся так учынiць, прадрок бы гэта найперш вучням, як прадракаў ім усе iншыя Свае справы ды як прадракаў, на чым палягае нашае апраўданьне. Прадрок бо Ён, перш чым тое здарылася, што Яго схопяць, казаў пра пакуты, здраду, зьдзекi, укрыжаваньне, трохдзённае знаходжаньне ў магiле, уваскрасеньне з памерлых, узнясеньне на неба, спасланьне Духа Сьвятога. Чаму б дзеля гэтага i зыходжаньне ў пекла не прадрачы?

А што некаторыя гавораць, нібыта Хрыстос абяцаў зыйсьці душою ў пекла, калі сказаў кніжнікам: «Як Ёна быў у чэраве кiта тры днi ды тры ночы, так будзе Сын Чалавечы ў сэрцы зямлi тры днi ды тры ночы» (Мц. 12: 40), то і яны не даюць рады, бо Хрыстос гаварыў не пра зыходжаньне ў пекла, але пра тое, што будзе ляжаць тры днi ў магiле. Так i ўсе багасловы мяркуюць, але, перадусім, Сам Хрыстос так абвяшчае, тое бо Сваё знаходжаньне ў магіле Ён абяцаў кніжнікам як знак. А калi гэта знак, то павінен быць бачным. Зыходжаньне ж у пекла не магло быць бачным. А калі так, то кожны можа зразумець няпэўнасьць гэтага меркаваньня пра зыходжаньне душы Хрыста ў пекла, бо Хрыстос не прадрок яго анiводным словам.

Гавару гэта не таму, што ня веру ў зыходжаньне Хрыста ў пекла, але таму, што не было яно такім, як некаторыя мяркуюць. Разважаючы пра пекла, яны памыляюцца, уяўляючы яго як умацаваны замак з жалезнымi брамамi, у якім, нібы вязьні, зачынены душы сьвятых, што памерлі да Хрыста. Усё гэта старэчыя выдумкi, бо не аб’явіў нам Бог такое мейсца, у якiм бы знаходзiлася пекла. Дзеля гэтага i багасловы мiж сабою не згаджаюцца, на гэты конт пiшучы. Залатавусны, разважаючы пра словы Хрыста: «А слугу нягоднага ўкiньце ў цемру вонкавую; там будзе плач i скрыгатаньне зубамi» (Мц. 25: 30), кажа, што, паводле некаторых меркаваньняў, пекла знаходзіцца не ў зямлi, але па-за ёю, дзеля таго Хрыстос не сказаў: «Укiньце яго ў цемру падземную», але: «Укiньце яго ў цемру вонкавую».

Дзеля таго, што Хрыстос не адкрыў нам такое мейсца, ды дзеля таго, што і тлумачальнiкi мiж сабой не згаджаюцца, лепш нам гэта так пакiнуць. Дастаткова толькі ведаць, што пякельныя пакуты спрадвек падрыхтаваныя д’яблу ды анёлам ягоным ды што ўсе грэшнiкi будуць iхнімі супольнiкамi (Мц. 25). Пра мейсца, дзе пекла знаходзiцца, ня трэба сварыцца, тым жа звычаем не па-хрысьціянску чынім, калі мяркуем пра душы айцоў, да Хрыста памерлых, што яны знаходзiлiся ў руцэ д’ябла. Бо меркаваньне такое Сам Хрыстос абвяргае, калi ў прыповесьцi пра багацея ды Лазара ясна сьведчыць, як пасьля сьмерцi Лазар быў занесены анёламi на ўлоньне Абрагама (Лк. 16).

Бачыш, Ён не сказаў: «Чэрцi схапiлi яго ды панесьлi ў пекла», але: «Анёлы занесьлi яго на ўлоньне Абрагама». Што пра Лазара сказаў Госпад, тое ж Ён засьведчыў i пра душы ўсiх справядлiвых. Да таго ў кнiзе Мудрасьцi напiсана: «Душы справядлiвых у руцэ Божай, i ўсякая пакута iх абмiне» (Мудр. 3). З малiтвы слыннага прарока Ільлі таксама можам зразумець, што душы справядлiвых Божых, пакiнуўшы цела, анi ў пекла, анi ў пакуты, але ў руку Божую прыходзiлi. Так бо Ільля молiцца Богу, уцёкшы ў пустыню ад валадаркі Езавелi, ды кажа: «Досыць мне зараз, прыймi ўжо душу маю, Госпадзе, бо ня лепшы я за бацькоў маiх» (1 Валад.19).

Калi б Ільля меўся аддаць сваю душу ў пекла, як цяпер некаторыя гэта разумеюць, то не прасiў бы ён сьмерцi ў Бога ды не казаў бы Госпаду: «Прыймi душу маю», калi б яна мела ў пекла зыйсьцi. Але Прарок ведаў, што сьмерць прынясе яму не пакуты, але адпачынак ды спынiць цярпеньні, і, перадусім, ведаў, што ягоная душа пойдзе ў Божыя рукi, таму і прасiў сьмерці бясьпечна. Бо калi б на такое жытло пасьля сьмерцi Ільля не спадзяваўся, як некаторыя гавораць, то што ж бы ён прыдбаў? Хіба ня лепш было б яму тут хавацца, уцякаючы ад валадаркі, чым, зыйшоўшы ў пекла, у цемры, як манахi пра тое мяркуюць, стацца вязьнем д’ябла? Перасьлед бо Езавелi хаця і быў страшны, але нядоўгі, ды зь ёю разам меўся скончыцца.

Спадзяюся, ужо з гэтых доказаў бачна, што душы тых сьвятых айцоў ані ў пекла, ані ў пакуты не зыходзiлi, але, паводле Салямона, да Бога вярталiся, ён бо так сказаў: «Вернецца парахно ў зямлю, дзе было, а дух вернецца да Бога, Якi даў яго». А калi душы сьвятых вярталі-ся да Бога, то чаго вартае меркаваньне тых, што гавораць, нібыта Хрыстос зыйшоў у пекла па душы Адама, Эвы, Абрагама, Давiда, Хрысьцiцеля ды iншых? Лёгка, кажу, можна пазнаць гэтыя выдумкi. Але паколькі яны свае выдумкі апраўдваюць Пiсаньнямi прарокаў i Апосталаў, праверым, цi дарэчы яны на гэтыя Пiсаньнi спасылаюцца. Бо не дастаткова, калi нехта на Сьвятое Пiсаньне спасылаецца, патрэбна разгледзець, пра што Пiсаньне кажа, цi мае на ўвазе тое ж самае, што i той, хто на яго спасылаецца?

На Сьвятое бо Пiсьмо i д’ябал можа спасылацца, але робiць гэта на благое, як і Самому Госпаду ён словы псальма прывёў: «Анёлам Сваiм даручыў Бог Цябе, i яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагi Тваёй» (Мц. 4: 6, Лк. 4:10). Аднак Хрыстос тым Пiсаньнем не задаволіўся не дзеля таго, што Пiсаньню ня верыў, але дзеля таго, што д’ябал хацеў іншы сэнс Сьвятому Пісаньню прыдаць. Псальм бо абяцае абарону анёлаў усiм багабойным тады, калi яны хо-дзяць сваімі шляхамі, значыць, калi пільнуюцца свайго паклiканьня або сваіх абавязкаў. Зноў жа, д’ябал дзеля таго Пiсаньне прыводзіў, каб Хрыстос, спадзеючыся на гэтую абарону, захацеў у паветры лётаць. Але ж ня гэта было прызначэньнем Хрыста, дзеля таго Ён iншае Слова зь Пiсаньня ўзгадаў. Вось дзе бачыш шатанаву хiтрасьць: ён прыводзiць Пiсаньне ня так, як напiсана, але толькi тыя словы выбiрае, што на ягоную карысьць служаць, ды абмiнае тыя словы, што супраць яго сьведчаць. Псальм бо кажа: «Анёлам Сваiм паручыў Бог цябе, i яны на руках панясуць цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагi тваёй на ўсiх шляхах тваiх» (Пс. 90). Д’ябал жа, каб хлусьня ягоная ня выкрылася, пра шляхі не ўзгадвае. Але досыць пра гэта, пяройдзем да ўрыўкаў зь Пiсаньняў, што сьведчаць пра зыходжаньне душы Хрыста ў пекла.

Перадусім прыводзяцца словы Апостала Пятра, у якiх, адразу заўваж, Апостал пiша не пра зыходжаньне ў пекла душы Хрыста, але пра тое, што Дух Ягоны, зыйшоўшы ў вязьнiцу, дабравесьцiў iншым духам. Адна бо справа – зыходжаньне ў пекла душы Сына Божага, а зусiм iншая – дабравесьце Хрыста моцай Духу Ягонага, або зыхо-джаньне Ягонага Духа ў вязьнiцу. Сьведчыць Пётр, што Сам Хрыстос дабравесьціў тым духам, а не душа Ягоная. Дзеля таго Пётр далучыў тое слова пра Дух, каб нiхто ня думаў, што Хрыстос у целе да тых духаў зыходзіў. Ёсьць бо ў Сьвятым Пiсьме звычай: каб паказаць некага прысутным не целам, не ўласнаю асобаю, далучаецца гэтае слова «духам», як i Ян Багаслоў у сваiм Адкрыцьцi пiша: «Я, Ян, брат ваш i ўдзельнiк у прыгнёце, у валадарстве i вытрыманасьцi ў Хрысьце Iсусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага i сьведчаньня аб Iсусе. Я быў у захапленьнi духа ў дзень Госпадаў i пачуў за сабою зычны голас» i так далей (Адкр. 1:10).

Тут Ян піша пра сваё дваякае быцьцё. Распавядаючы пра першае, ён не далучае слова «духам», але проста кажа: «Быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага», бо сапраўды быў на тым востраве ў выгнаньні. Пра другое ж быцьцё распавядаючы, – паколькi было ня яўным, але ў бачаньнi, – так кажа: «Я быў у захапленьнi духа». Тым жа звычаем i прарок Эзэкiль, кажучы, як быў перанесены духам у зямлю Хальдэйскую, далучыў пад канец «духам», каб нiхто не падумаў, што разам зь целам ён быў перанесены (Эз. 11). Цела бо засталося на сваім мейсцы, душа была ў целе, Бог жа ў бачаньнi тую зямлю яму паказаў, нiбыта Эзэкіль там знаходзіўся i душой, i целам. Дзеля таго і калі наш Госпад дабравесьціў Духам у вязьнiцы, сказана гэта не пра душу, але пра Дух Ягоны, – значыць, тым духам, што былі ў вязьнiцы, Хрыстос аб’явіў Сваё Эвангельле. Не прыйшоў Ён да iх у целе або Сваёй душою, але, як піша Пётр, Духам, гэта значыць, моцаю Духа Свайго. А гэта i ёсьць першы доказ, што Апостал Пётр іншым звычаем пра тое зыходжаньне мяркуе, чым манахi, якія выдумалi, нiбыта душа Хрыста зыходзiла ў пекла па душы сьвятых.

Ды яшчэ адну рэч заўваж у гэтых словах сьвятога Пятра. Тыя бо, для каго гэтыя словы азначаюць зыходжаньне душы Хрыста ў пекла, гавораць, што душа Хрыста зыйшла ў пекла тады, калi цела ляжала ў магіле. Аднак тут Апостал гэтага ня кажа, але яшчэ i адваротнае сьведчыць: Хрыстос, Духам ажыўшы, дабравесьцiў вязьням. Ясна бачыш, што мяркуе Апостал: Хрыстос тады дабравесьцiў вязьням, калi ўжо ажыў Духам, гэта значыць, пасьля Свайго ўваскрасеньня. Бо калi сказана: «Духам ажыўшы», так гэта разумей, як я вышэй растлумачыў: значыць, моцаю Духа Свайго аб’явіў Эвангельле iншым духам. Такім звычаем, кажу, i тут мяркуй, калi Апостал сказаў: «Хрыстос, Духам ажыўшы», значыць, ажыўшы моцай Духа Свайго. Ясна відаць з гэтых словаў, што тое дабравесьце ў вязьнiцы было ўжо пасьля ўваскрасеньня. Таму нельга гэтае мейсца Пiсаньня разумець як зыходжаньне душы ў пекла, бо такога зыходжаньня нiколi не было. Ды яшчэ зважай, што Апостал піша не пра пекла, але пра вязьнiцу. Па-грэцку Апостал напiсаў «ен фiлакi», значыць, «у вязьнiцы», а не «ен адо». Вязьнiцаю ён называе ня пекла, але прагненьне тых багабойных духаў, якое было iм замест кайданоў ці вязьнiцы. Але досыць пра гэта.

Перайду да прароцтва Захарыi, якi так пiша: «I ты ў крывi запавету твайго вызвалiў зьняволеных сваiх з рову бязводнага» (Зах. 9). Так сказана ў старым перакладзе з грэцкай мовы, аднак у гебрайскiх кнiгах запісана гэтае слова такiм звычаем: «I ты у крывi запавету твайго вызваляў зьняволеных тваiх з рову бязводнага». Праз гэтыя словы Захарыi Бог у той час казаў дачцы Сыёнскай, калi з Бабiлёнскай няволi выйшлі, даючы ім надзею ды абяцаючы пэўнае вызваленьне з рову бязводнага, значыць, з пакутаў ды цяжкасьцяў, што iх мелі напаткаць. Ды як тады ў гэтыя словы прарок імем Божым абяцаў дачцы Сыёнскай вызваленьне часовае, гэтаксама зноў, у тыя ж словы, Ён абяцае Сьвятой Царкве вечнае вызваленьне з рову бязводнага, гэта значыць, з роспачы. Дзеля таго не пра выдуманыя рвы кажуць нам гэтыя словы, але пра рвы духоўныя, прарок бо, дзеля падабенства, скруху ды роспач называе ровам. Бо як з рова ня можа чалавек сам выйсьцi, гэтаксама i з роспачы, дзеля грахоў, выйсьцi ня можа, калi не дапаможа Бог. Пра роў бязводны сказана таму, што ў роспачы няма пацехi або асьвяжэньня.

Iсая таксама ўсё ясна кажа. Гэтыя бо словы: «Я пайду перад табою, і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю» Сам Бог да Кiра прамовiў, як кожны, чытаючы, можа зразумець. Так бо гэты разьдзел Iсая пачынае: «Вось што кажа Госпад памазанцу Свайму Кіру: “Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб скарыць яму народы і абяззброіць валадароў, ды адчыніць перад ім брамы, ды каб брамы не зачыніліся”», ды пасьля Бог далей кажа: «Я пайду перад ім, і паніжу горы, і брамы медныя разаб’ю» і так далей. Усе словы гавораць пра валадара Кiра, якому тут Бог абяцае аддаваць усе краiны, адчыняць перад ім гарады i так дабраслаўляць, што ніхто ня здолее яму супрацьстаць. Ды хаця тады Кiр яшчэ не нарадзiўся, але потым усе гэтыя словы збылiся. Гэта i сам Кiр ласкава вызнае, так бо пра яго Эздра пiша: «Каб збылося слова Госпада, сказанае Ярэміем, натхніў Госпад дух Кіра, валадара Пэрскага, у першы год панаваньня ягонага, што ён на ўсё валадарства сваё пісьмова абвясьціў такі дэкрэт: «Вось кажа Кір, кароль Пэрсаў: усе валадарствы зямлі даў мне Гопад, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерузаліме, што ў Юдэі» (Эзд. 1) і так далей.

Гэта бо манахi зь iканапiсцамi выдумалi пекла з брамамi жалезнымi, нiбыта дух, пра якi Госпад казаў, што анi касьцей, анi цела ня мае (Лк. 24: 38), можна на замок зачынiць. Але ўжо час да псальма прыступiць. Хто хоча Сьвятое Пісьмо зразумець правiльна, мусіць не за адно слова брацца, але ўсё, што раней ды пасьля напiсана, уважлiва паглядзець, дасьледаваць ды разгледзець, што тое мейсца цалкам азначае, а болей за ўсё Духа Божага клікаць на дапамогу. Таму i Сам Госпад, адсылаючы юдэяў да Сьвятога Пiсьма, не сказаў проста: «Чытайце Пiсаньнi», але сказаў: «Дасьледуйце Пiсаньнi, бо празь iх вы думаеце мець жыцьцё вечнае, а яны сьведчаць пра Мяне» (Ян 5: 39).

Гэта слова належала б i манахам памятаць, тады б яны Сьвятое Пiсьмо на часткi не дзялiлi ды словы Духа Сьвятога д’яблу не прыпiсвалi. Яны бо мяркуюць, што гэта анёлы, калі Госпад зыходзіў у пекла, на бесаў закрычалi: «Адчынiце, князi, брамы вашыя, адчынiце брамы спрадвечныя, ды ўвойдзе Валадар Славы». Ды бесы, маўляў, адказалi анёлам: «Хто той Валадар Славы?» Але цi дарэчы манахi так кажуць, пабачым з папярэднiх словаў гэтага псальма. Гэтак бо Дух Сьвяты той псальм пачынае: «Госпадава зямля i ўсё, што напаўняе яе, сусьвет ды ўсё, што жыве ў iм» i так далей (Пс. 23). Тут, як бачыш, Дух Сьвяты гаворыць не пра зыходжаньне Сына Божага ў пекла, але сьведчыць, што ўся зямля – Госпадава. Таксама Дух Сьвяты абвяшчае, што ня толькi зямля Юдэйская, але i ўсе народы спазнаюць Бога, каб iзраэльцы не хвалiлiся, што толькi пасярод iх быў Храм Божы. Бо калі ўся зямля Госпадава, то i ўсе народы, або пагане, да Бога навернуцца.

Разваж цяпер сам: што б гэта была за справа або што б гэта быў за такi звычай, пачаўшы казаць пра навяртаньне народаў, тое прэч адкiнуць ды пра iншыя справы гаворку павесьцi? Адна бо справа – навяртаньне народаў да Бога, зусім iншая – зыходжаньне Хрыста ў пекла. Да таго ж Дух Сьвяты ня мае такога звычаю адну справу з другой блытаць. Таму i псальм, з самага пачатку засьведчыўшы, што ўся зямля – Госпадава, гэта значыць, што кожны, хто жыве на зямлi, Бога спазнае, тым жа звычаем і напрыканцы нагадвае валадарам, каб узялi ды адчынiлi брамы вечныя перад Валадаром Славы, або Праслаўленым, — значыць, перад Сынам Божым ды перад навукай Ягонай. «Спрадвечнымi брамамi» названая тут упартасьць паганаў, у якой спрадвек трываючы, ня хочуць Бога спазнаць ды нiбыта перад Iм зачыняюцца. Таму i ў iншым мейсцы напiсана: «Дык апамятайцеся, валадары, зразумейце перасьцярогу, судзьдзi зямныя! Служыце Госпаду са страхам» ды гэтак далей.

Вось ужо i маеш праўдзiвае разуменьне тых Пісаньняў, якія ўсе звычайна прыводзяць, каб сьцьвердзiць, што душа Хрыста зыходзiла ў пекла. А што датычыцца Дамаскiна, то ён ня толькi ў гэтым, але i ў многiх iншых рэчах памыляўся, дзеля таго і няварта зьвяртаць увагі на ягоныя цьверджаньні.