Пытаньне
Як разумець тое, што мы потым вызнаём: «І сядзiць праваруч Айца»? Што гэта за правіца ў Бога і дзе гэта Хрыстос сядзiць?
Адказ
Правіцы ў Бога няма, як няма i ўсiх iншых частак цела, бо Ён – Дух. Аднак Сьвятое Пiсьмо часта гаворыць пра Бога тым звычаем, як быццам бы Ён мае чалавечае цела, гэта дзеля таго, каб нам было лепш i прасьцей зразумець. Напрыклад, калi Пiсьмо хоча нам нагадаць ды нас навучыць, каб мы верылi, што перад Богам нельга схавацца, тады яно кажа, што Бог мае вочы; калi ж яно хоча паказаць нам такога Бога, Якi з радасьцю выслухае тых, хто просіць, тады кажа, што Бог мае вушы.
Тым жа звычаем i тут Пісьмо абвяшчае, што Бог даў Хрысту ўсю славу і ўладу ды ўчыніў Яго Госпадам усякага стварэньня, таму «Вызнаньне веры» пра Яго кажа, што Ён сядзіць праваруч Айца. Так бо бывае пасярод людзей, перадусiм пасярод вялiкiх паноў: праваруч садзяць таго, каго лiчаць сабе роўным, або таго, каму сваю ўладу перадаюць. Таму калi мы вызнаём пра Хрыста, што Ён сядзiць праваруч Бога Айца, гэта азначае, што Ён, як ужо вышэй я казаў, Госпад i Бог усякага стварэньня.