Пытаньне
Якi нам той дзень будзе: страшны цi радасны?
Адказ
Не магчыма, каб не прыйшоў на людзей вялiкi страх тады, калi i зямля, i неба, i ўсе нябесныя сiлы зрушацца. Але Бог пусьціць гэтыя страхi не на справядлівых, а на грэшных ды бязбожных, якія цяпер Бога не баяцца ды пра Ягоныя прыказаньнi ня дбаюць. Вялiкi страх прыйдзе на іх у той час.
Зноў жа, справядлівыя, што ад грэшнікаў тут усялякія крыўды церпяць, усьцешацца, як і Хрыстос загадвае, кажучы: «А калі гэта дзеяцца пачне, углядайцеся і падымайце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне вашае» (Лк. 21: 28). Загадвае Ён тут веруючым падняць галовы, значыць, радавацца. Хто бо ходзіць ці сядзіць, галаву схіліўшы, той засмучаны; зноў жа, хто вясёлы, той высока галаву трымае.