Пытаньне
Як маем на гэты дзень чакаць?
Адказ
Ня маем нядбальстваваць ці ленавацца, але са страхам і дрыжаньнем, паводле Апостала, маем пра сваё збаўленьне клапаціцца (Флп. 2), заўсёды маліцца, жыцьцё пабожнае ды цьвярозае весьці, ліхвярства ўнікаць, міласьціну тым, хто ў патрэбе, даваць ды ў-ва ўсіх справах на сваё збаўленьне ды на судны дзень памятаць. Так бо Сам Хрыстос вучыць нас на гэты дзень чакаць: «Сьцеражыцеся, каб часам не абцяжарылі сэрцы вашыя абжорствам і п’янствам, ды клопатам гэтага жыцьця і каб дзень гэты не прыйшоў на вас зьнянацку. Бо ён, як сетка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб былі вартымі ўсьцерагчыся ўсяго гэтага, што мае прыйсьці, ды каб маглі стаць перад Сынам Чалавечым» (Лк. 21: 34-36).
Тым жа звычаем сьвяты Апостал вучыць нас чакаць на гэты дзень, калі да Ціта так піша: «Зьявілася бо ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці і пажаданьняў сьвету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым сьвеце, чакаючы шчасьлівай надзеі і прыйсьця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спакусы і ачысьціць Сабе народ, выбраны на ўласнасьць, рупны пра добрыя ўчынкі» і так далей (Ціт. 2: 11-12).
Бачыш, ня толькі ў гэтых мейсцах, але і ў многіх іншых Сьвятое Пісьмо вучыць нас, як маем чакаць прыйсьця на Суд Хрыстовы. Усе хрысьціяне павінны кожны час на гэтыя словы добра памятаць ды паводле іх жыць. Гэтага зараз і блізка няма: людзі так жывуць на гэтым сьвеце, як быццам ніколі ня маюць памерці або, памершы, ня мусілі б стаць на Судзе Божым. Дайшло да таго, што Сам Госпад пра апошні час у такія словы распавядаў: «І таму, што ўзрасьце нягоднасьць, астыне любоў у многіх. Але хто вытрымае да канца, той будзе збаўлены» (Мц. 24: 12-13).
Гэтаксама і Апостал да Цімахфея піша: «Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы. Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нягодныя, бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, непрыхільныя, здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога, маючыя выгляд пабожнасьці, моцы ж Яго выракшыся» (2 Цім. 3: 1-5). Страшныя рэчы пералічвае тут Апостал, аднак за малым усе яны знойдуцца зараз пасярод людзей.
Дзеля гэтага кожны пабожны зь вялікай пільнасьцю мае сьцерагчыся, каб не аказацца ў гэтых грахах, калі прыйдзе дзень Госпада. Нам бо Госпад сказаў: «Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш» (Мц. 24: 42). Але ўжо разгледзім трэцюю частку сьвятога «Сымбалю».