Катэхізіс - слова з грэцкай мовы, перакладаецца ж на мову славянскую - Абвяшчэньне, ці Навучаньне ўголас. Ведама бо мае быць, што Апосталы ды іхнія вучні ня так скора і ня так проста дапускалі да сьвятых Таямніцаў тых, што з грэкаў ці зь юдэяў прыходзілі да веры ў Хрыста.
Ахрысьціў Пётр ды іншыя Апосталы ў дзень спасланьня Духа Сьвятога з народу Ізраэльскага тры тысячы, але толькі замілаваўшыхся сэрцам і зь любасьцю прыняўшых Слова (Дзеі 2:14-47). Ахрысьціў Піліп - адзін зь сямі дыяканаў - эўнуха, або скапца валадаркі Мурынскае (Дзеі 8). Але той эўнух з Мурынскае зямлі прыехаў пакланіцца ў Ерузалім, быў Піліпу праз анёла паказаны, Піліпам навучаны ды вызнаў веру ў Хрыста, што Той ёсьць Божым Сынам.
Ахрысьціў Пётр яшчэ Карнэля, але таго, чые малітвы і міласьціны ўзыйшлі перад Богам, пра якога Пятру голас Божы ў бачаньні тройчы прамовіў: «Каго Бог ачысьціў, таго не лічы нячыстым» (Дзеі 10: 1-20), на якога Дух Сьвяты зыйшоў відочным чынам яшчэ падчас навучань ня Пятра.
Ахрысьціў Апостал Сіла вартаўніка вязьніцы ў Філіпах, але перш той, каючыся, запытаўся ў Апосталаў: «Гаспадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?!» (Дзеі 16:16-34) Але раней Паўла і Сіла казалі яму Слова Божае; а потым ён прыняў іх у доме сваім і абмыў іхнія раны. Іншыя падобныя прыклады ня ўзгадваю. Досыць бо яўна, што Апосталы нікога з паганаў ці зь юдэяў не хрысьцілі, перш не навучыўшы і ў веры ня выспрабаваўшы.
Потым насталі яшчэ больш цяжкія выпрабаваньні для тых, хто хацеў ахрысьціцца. Знаходзім бо ў лістах вучыцеляў і ў некаторых правілах: тыя, што хацелі хрысьціцца, перш павінны былі немалы час асобна ад іншых у царкве стаяць; на калені прыпадалі, пачуўшы чытаньне Эвангельля; перад пачаткам Вячэры Госпадавай вон з царквы выходзілі; таксама вызначаны час пасьцілі і кожны тыдзень ў чацьвер «Веру ...» перад епіскапам ці прэсьвітэрам вызнавалі. І пакуль гэтыя ўсе ўмовы не былі выкананыя, ніхто ня мог быць ахрышчаным, але звалі яго «абвешчаным», што азначае па-грэцку «катэкумэнос». Навуку ж такую называлі «Абвяшчэньнем», па-грэцку - «Катэхізіс».
Быў той звычай вельмі патрэбны і карысны, бо такім чынам многія прыходзілі да спазнаньня Бога і праўды Ягонай, у жыцьці сьвятым узрасталі і ўмацоўваліся. Да таго ж і вучыцелі мусілі быць пільнымі. Але д'ябал не дапусьціў, каб гэты звычай доўга трываў сярод хрысьціянаў. Да сьпячага бо чалавека, паводле Слова Эвангельскага, ён прыйшоў і пустазельле пасеяў (Мц. 13: 25). Гэта значыць, калі вучыцелі ленаваліся вучыць людзей, навучыў іх д'ябал, каб паверылі, што чалавек можа збавіцца без навучаньня, бязь веры і без вызнаньня, абы толькі ў дзяцінстве быў ахрышчаны вадою, а прыйшоўшы да сталага розуму, толькі каб у пэўныя дні мяса ня еў, міласьціну, хаця б і са скрадзенага, даваў, да сьвятых маліўся ды, паводле звычаяў, рабіў падобныя справы.
А нарэшце дапусьціліся таго, што хоць якую маёмасьць папам давалі, каб тыя цела ў пасьвячанай зямлі пахавалі, праводзілі, паміналі ды спраўлялі траціны, дзевяціны, паўсарачыны, сарачыны, паўгодкі і гадавіны ды іншыя падобныя прыдумкі. Дзеля гэтага завяшчалі маёнткі, вёскі, мястэчкі; ахвяравалі на манастыры і цэрквы або іх будавалі; куплялі званы, патырыёны, дыскасы, рызы, іконы і балваноў, спадзеючыся такімі справамі збавіцца ды заслужыць Валадарства Божае і жыцьцё вечнае.
Усё гэта, кажу, таму ў царкву Хрыстову прыйшло, што той сьвяты звычай, якога першая царква трымалася паводле загаду Хрыста, дазволілі д'яблу зьвесьці ды шкоднае пустазельле пасеяць. Хрыстос бо казаў: «Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх!» (Мц. 28:19) Тыя ж ня толькі ня вучаць, але і самі мала праўду ведаюць і тым, якія б маглі навучыць, забараняюць. Няйначай, як перад тым законьнікі юдэйскія. Пра іх Госпад сказаў: «Гора вам, законьнікі, бо ўзялі ключы ад разуменьня і самі не ўваходзіце, і іншым забараняеце!» (Лк. 11: 46) Няма патрэбы шмат пра гэта пісаць, усе бо ведаем, якіх цяпер маем вучыцелей.
Ведае ўвесь сьвет, як яны прыходзяць на свае пасады. Вядома таксама, як яны свае абавязкі выконваюць. Лепей плакаць, чым казаць пра іхнія норавы. Адно пэўная рэч – дарэмна чакаць ад іх выпраўленьня ў навуцы ці ў жыцьці. Лепш, каб кожны, хто загінуць ня хоча, іншыя лекі сабе, пакуль ёсьць час, шукаў, а такім пастырам супакой даў. Так бо загадвае Госпад Апосталам, гэта значыць, усім вучыцелям кажа: «Вы – соль зямлі! Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям» (Мц. 5:13). Сольлю называе Ён усіх вучыцеляў, бо як соль захоўвае тое, што ёю пасолена, каб не сапсавалася, так і вучыцель праз пакараньне, навучаньне і напамінаньне захоўвае людзей ад духоўнае гнілі. А калі так ня робіць, загадвае Госпад такога вон выкінуць і патаптаць, як соль, якая сапсавалася ці моц сваю страціла. Чаму ж мы ня слухаемся загаду Самога Сына Божага?
Сапраўды, ня трэба адкідваць гэтае слова. Павінны бо мы і вось гэтае слова памятаць: «Калі сьляпы сьляпога водзіць, абодва ў яму ўваляцца» (Мц. 15:14). Ці чуеш, умілаваны мой браце, што цябе Сам Госпад перасьцерагае, каб ты ў яму не ўваліўся? Бо ў яму ўваліцца кожны, хто дазваляе, каб яго вёў сьляпы. Чаму ж ад такіх сьляпцоў мы не бяжым? Чаму згаджаемся, каб яны нас вялі?
Зьлітуйся, у імя Бога, кожны над самім сабою. Паўстань зо-сну, ужо час абудзіцца. Досыць ужо мы спалі, калі за справаю гэтых сьляпцоў ані Бога ня ведалі, ані таго, на чым палягае нашае збаўленьне. Няхай тое быў час Божага гневу за грахі нашых бацькоў, якія адкінуўшы Слова Божае, ухапіліся за паданьні, або — яшчэ лепш — за сны ды старэчыя выдумкі. Мусіў за гэта прыйсьці гнеў Божы, бо і сьвятыя Апосталы пра гэта прарочылі і казалі. Найбольш Паўла, выбранае начыньне Хрыстова, так да Тэсалонцаў піша: «І за гэта пашле ім Бог дзеяньне подступу, каб яны паверылі хлусьні; каб былі засужданыя ўсе, не паверыўшыя ў праўду, але палюбіўшыя няпраўду» (2 Тэс. 2: 11-12).
Разгледзься, малю цябе міласьцю Божай, ці не збылося ў апошнія часы гэтае слова сьвятога Апостала? Апостал тут піша, што Бог пашле дзеяньне подступу. Гэты подступ чый мусіў быць? Хіба ж не таго, хто яшчэ ў раі падмануў нашых бацькоў? А як бы тады іх падмануў, калі б не адвёў Эву ад Божага Слова? У іншы спосаб ня здолеў бы падмануць. Дакуль бо чалавек трымаецца Слова Божага, датуль заблукаць ня можа, бо мае сьвечку, якою сабе сьвеціць, як напісана: «Слова Тваё – сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй» (Пс. 118).
А калі тая сьвечка згубіцца, кожны мусіць заблукаць і, як сьляпы, ісьці навобмацак, як Апостал піша. Таксама Прарок кажа: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў насеньне, мы былі б як Садома». Насеньнем ён тут называе Слова Божае. Таму д'ябал цябе і падманвае. ведае бо: як хутка людзі адыйдуць ад Слова Божага, дык адразу зробяць усё, што ён захоча. Дзеля гэтага і зараз ён зрабіў, каб вучыцелі не казалі Слова Божага. Вось чаму ўсялякія ліхія справы ўзялі моц у царкве.
Аднак зараз міласьцівы Бог пашкадаваў нас, адкрыў нам, грэшным, праўдзівае Сваё Слова і штодня больш адкрывае. Вучыцеляў верных, хаця б зрэдку, пасылае. Таму трэба і нам усім імкнуцца быць удзячнымі гэтай невымоўнай міласьці: Слова Божае абедзьвюма, як кажуць, рукамі схапіць, трымаць, згодна зь Ім жыць ды іншых да Яго прыводзіць.
А паколькі «жніва многа, а працаўнікоў мала» (Мц. 9: 37-38), дзеля таго я, недастойны, у сьвятой царкве служка найменшы, склаў і напісаў гэтую кніжку паводле Божых Пісаньняў, каб прагнучыя мелі разуменьне ўсіх Словаў Божых і Ягонай праўды, каб гэтаму і самі вучыліся, і дзяцей сваіх навучылі.
Ведаю, што патрэбна было б гэтую навуку выкласьці падрабязьней, але так нам і час, і ўменьне нашае дазволілі. Да таго ж і пазьней, калі будзе Божая воля, можна яе шырэй справіць. Перадусім чацьвёртую частку, — што пра сьвяты Хрост і Вячэру Сына Божага, — можна было б надрукаваць асобнай кніжкай. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вернымі. Амін.
Пісана ў Клецку у год ад Нараджэньня Госпада і Збаўцы і Бога нашага Ісуса Хрыста 1562, месяца чэрвеня 10 дня.