Пытаньне
Якімі Пісаньнямі гэта давялі?
Адказ
Шмат ёсьць пра гэта ў Пісаньнях, і доўга, калі б хто захацеў, іх можна было ўсе прыводзіць. Я коратка некалькі мейсцаў пакажу. Перш Майсей пра Духа Сьвятога так піша: «А Дух Божы ўзносіўся над водамі» (Роду 1). У гэтых словах зьмешчана яснае сьведчаньне пра Боскасьць Святога Духу, але яно было б яшчэ большым, калі б было так перакладзена, як Майсей напісаў у кнігах гебрайскіх. Бо што мы маем у нашых перакладах: «А Дух Божы ўзносіўся над водамі», або: «над вадой», тое ў гебрайскіх кнігах інакш сказана: «Дух Божы саграваў воды», значыць, даваў водам моц мець у сабе жыцьцё. Такім вось звычаем тлумачыць гэтае мейсца сьвяты Васіль, хаця некаторыя інакш вучаць (чытай «Шэстадневец» і Златавуснага пра кнігу Роду). Аднак сам Майсей сьведчыць, што не пра звычайны дух піша, не сказаў бо ён проста: «Дух узносіўся», але: «Дух Божы ўзносіўся над водамі».
На гэта памятаючы, Валадар і Прарок Давід сказаў: «Словам Госпада створаны нябёсы і подыхам вуснаў ягоных усе войскі іх» (Пс. 32). Ёэль пра Духа Сьвятога так піша: «І будзе ў апошнія дні, – кажа Бог,– вылью Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, і юнакі вашыя будуць бачыць з’явы, і старыя вашыя будуць сьніць сны. І на нявольнікаў Маіх і на нявольніц вылью ў такія дні Духа Майго, і будуць прарочыць» (Ёэль 2). Шмат такіх сьведчаньняў ёсьць у Прарокаў, але яшчэ большыя сьведчаньні ёсьць у Пісаньнях Новага Запавету. Хрыстос, пасылаючы Апосталаў ісьці па ўсім сьвеце, загадвае ім хрысьціць у імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога (Мц. 28:19). Калі б Дух Сьвяты ня быў Творцам, то Сын Божы не ўзгадаў бы Яго побач з Сабой ды Айцом, ды не загадваў бы прызываць Яго падчас такой вялікай таямніцы сьвятога хрышчэньня.
Таксама пры хрышчэньні Хрыста было абвешчана, што Дух Сьвяты – Бог, хаця ж іншы, чым Бог Айцец. Распавядаюць сьвятыя Эвангелісты, што Дух Сьвяты зыйшоў на Хрыста ў выглядзе голуба, ды да таго ж пішуць пра Айца, што Ён усклікнуў: «Гэта Сын Мой умілаваны, Якога Я ўпадабаў Сабе» (Мц. 3: 17). Таксама апостал Пётр ясна называе Духа Сьвятога Богам. Выкрываючы бо хлусьню Ананіі, так ён гаворыць: «Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца падмануць Сьвятога Духа, каб схаваць частку атрыманых за поле грошаў? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў ня людзям, але Богу!» (Дзеі 5: 3-4) Перш сказаўшы, што Ананія схлусіў Духу Сьвятому, а потым далучыўшы, што Богу той схлусіў, Апостал абвясьціў, што Дух Сьвяты ёсьць сапраўдным Богам.
Ёсьць і ў іншых мейсцах шмат сьведчаньняў, што Дух Сьвяты – Бог і Творца, але іх зараз ня ўзгадваю.