Пытаньне
Здаецца мне, паводле твайго адказу, што царква Хрыстова нябачная. Бо ты сказаў, што царква – гэта супольнасьць веруючых, якім Бог прадугледзеў збаўленьне. Аднак мы, людзі, ня можам бачыць веру, а значыць, ня можам ведаць, каму Бог прадугледзеў збаўленьне або жыцьцё вечнае.
Адказ
Царква мусіць быць бачнай. Бо калі б яна была нябачнай, як тады зразумець тыя словы Хрыста, калі Ён казаў: «Калі брат твой правініцца табе, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вокі. І калі б паслухаў цябе, здабудзеш брата твайго. А калі б цябе на паслухаў, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб усякае слова абапіралася на доказе двух або трох сьведкаў. А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве» (Мц. 18:17).
Паколькі Хрыстос загадвае засьведчыць перад царквою, то мусіць царква быць бачнай. Бо калі царква нябачная, як хтосьці можа ёй нешта сказаць? І далей, там жа, Хрыстос гаворыць: «А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік». Тут зноў бачыш, што царква выкрывае, і кожны, хто хоча, можа яе паслухацца або не паслухацца. Дзеля гэтага царква Хрыстова бачная.
Аднак і тое патрэбна ведаць, што часткова яна нябачная. Бо хаця царква сабраная зь людзей, якія вызнаюць Хрыста, але многія сярод іх – крывадушнікі, якія толькі вуснамі вызнаюць Бога, а сэрцам ад Яго далёка. Такіх цяжка ды сапраўды немагчыма пазнаць, пакуль яны самі сябе не пакажуць у справах цялесных, бо на выгляд яны нічым не адрозьніваюцца ад багабойных. Заўсёды тут, на зямлі, такія ў царкве будуць. Хрыстос бо Сваю навуку або царкву параўнаў зь сеткай ці нератам, закі-нутым у мора, які выцягвае рыбы ўсякіх сартоў (Мц. 13: 47-58). Таксама і ў Царкве будуць і добрыя, і благія аж да сканчэньня сьвету, і толькі тады падзеляцца. Госпад бо сказаў: «Так будзе на канцы сьвету: выйдуць анёлы і вылучаць благіх пасярод справядлівых, ды ўкінуць іх у агністую печ» (Мц. 13: 49-50). А ў іншай прыповесьці Госпад казаў: «Дазвольце і кукалю, і пшаніцы расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: “Зьбярыце раней кукаль і зьвяжыце ў пучкі на спаленьне”». Ды, тлумачачы гэта, Ён гаворыць: «Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету. Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны зьбяруць у Валадарстве Ягоным усе згаршэньні».
Дзеля гэтага можам зараз Царкву Хрыстову бачыць, але яшчэ як поле з кукалем да жніва пшаніцы ці як нерат з рыбамі ўсякіх сартоў.