Пытаньне

Дзеля чаго мы вызнаём толькі адзіную царкву, а царква не адзіная, але па розных мейсцах ёсьць розныя цэрквы? Ды і ў часы Апосталаў адна царква была Рымская, другая – Карынцкая, трэцяя – Галяцкая?

Адказ

Хаця і шмат ёсьць цэркваў, але ўсе яны адзінадушна вызнаюць адзінага Бога і Збаўцу, адзіную ў Яго маюць веру і надзею. Дзеля таго, хаця і далёка адна ад адной знаходзяцца ды адна пра адну ня ведаюць, аднак з усіх іх складаецца адзіная паўсюдная Царква.

Апостал жа называе царквой Галяцкай хрысьціянаў, што жылі ў зямлі Галяцкай. Тым жа звычаем ён называе іншыя цэрквы паводле іхніх мейсцаў не дзеля таго, каб было многа цэркваў, але дзеля таго, каб яны ўчынілі адзіную ў веры Царкву.