Пытаньне
Калі царква, як ты сказаў, гэта супольнасьць або збор людзей, то дзеля чаго называеш яе сьвятою? Бо пасярод усіх людзей няма аніводнага бяз граху, як Салямон піша: «Няма бо на зямлі чалавека справядлівага, каторы б чыніў дабро і не грашыў» (Экл. 7: 20).
Адказ
Праўда, што царква Хрыстова скаладаецца зь людзей. І тое праўда, што ўсе людзі – грэшнікі, ды няма аніводнага без граху. Значыць, у сваім жыцьці ўсе грэшнікі, але, зноў жа, зь іншага боку, гэтыя ж грэшнікі ёсьць сьвятымі паводле Божага Слова, у Якое яны вераць, бо Сам Госпад кажа вучням: «Вы ўжо ачышчаны праз Слова, якое Я гаварыў вам» (Ян 15: 3). Праз Слова або дзеля Слова Госпад назваў іх ачышчанымі, а не дзеля жыцьця або ўчынкаў. Дзеля ўчынкаў бо ніхто не ачысьціўся, не ачышчаецца ды ня будзе ачышчаны, як напісана: «Хто скажа: “Зьбярог я сэрца чыстае ад граху”?» (Прып. 20)
Таму царква Хрыстова названа сьвятой, што мае сьвятую навуку і не прыймае аніякай хлусьні. Ды ня толькі ў вызнаньні веры называем царкву сьвятой, але і ў Сьвятым Пісьме ў многіх мейсцах Дух Сьвяты гэтаксама яе заве. Апостал да Эфэсцаў піша: «Хрыстос любіць Царкву і Самога Сябе выдаў за яе, каб асьвяціць яе, ачышчаючы купальняй воднаю ў слове, каб паставіць Самому Сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна сьвятая і беззаганная» (Эф. 5: 25-27). Тут Апостал засьведчыў пра царкву, што яна сьвятая ды беззаганная, але і пра тое ён не змаўчаў, адкуль яна мае гэтую сьвятасьць. «Хрыстос,– кажа Апостал,– асьвяціў ды ачысьціў яе купальняй воднаю, значыць Словам, ды хрысьціў Духам Сьвятым».