Пытаньне
Што ж шкоднага ў тым, калі нехта сьвятых на дапамогу прызывае, каб за яго маліліся?
Адказ
Вельмі такі чалавек грашыць. Бо, па-першае, той, хто моліцца сьвятым, мусіць пра іх мець веру, што яны ведаюць і пра ягоную малітву, і пра кожнага, хто ім моліцца. Бо калі б чалавек ня верыў, што сьвятыя чуюць малітву кожнага, то ніколі б іх не прызываў. Па-другое, хто моліцца сьвятым або просіць іх пра дапамогу, мусіць верыць, што сьвятыя могуць гэта ўчыніць, ды, тым звычаем, спа-дзяецца на іхнюю дапамогу.
Абедзьве гэтыя рэчы — значыць, і спадзяваньне на дапамогу сьвятых, што памерлі, і вера ў тое, што паўсюль і ўсіх яны чуюць, — супярэчаць Сьвятому Пісьму і крыўдзяць Самога Бога. Бо Сам Бог ёсьць на кожным мейсцы, таму і паўсюль чуе малітвы і просьбы Сваіх верных. А хто так мяркуе пра чалавека, той прыпісвае чалавеку сілу ды славу Божую.
Дзеля гэтага Хрысьціянін ня можа таго дапусьціцца, каб спадзявацца на сьвятых або верыць, што яны на кожным мейсцы яго пачуюць. Бо хаця і невядома, якімі былі сьвятыя, найперш яны былі людзі і цяпер імі ёсьць, і пасьля ўваскрашэньня імі застануцца. А калі сьвятыя – людзі, то няварта на іх спадзявацца, бо напісана: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека» (Ярэм. 17). Таксама няварта ім прыпісваць, што яны ведаюць пра нас або пра нашыя малітвы, Дух бо Сьвяты праз Давіда прамовіў: «не спадзявайцеся на князёў, на чалавека, няма ў іх збаўленьня. Выйдзе іхні дух, і вернуцца яны ў зямлю, і той жа дзень прападуць усе намеры іхнія» (Пс. 145).
Тут найперш Дух Сьвяты забараняе нам спадзявацца на сыноў чалавечых, потым тлумачыць прычыну, дзеля якой няварта на іх спадзявацца: бо, кажа, згінуць усе іхнія намеры. значыць, ня будуць яны ані пра нас клапаціцца, ані пра нас ведаць.