Пытаньне
Але ж так, я мяркую, Дух Сьвяты піша толькі пра князёў гэтага сьвету ды пра грэшнікаў, каб ніхто на іх не спадзяваўся, ды не забараняе нам маліць сьвятых пра дапамогу. Бо мне здаецца, што сьвятыя пра нас ведаюць ды малітвы чуюць.
Адказ
Ніхто не запярэчыць, што Абрагам, пра якога Сьвятое Пісьмо і Новага, і Cтарога Запавету прыводзіць вялікія сьведчаньні, ня быў свьятым, як і ўнук ягоны Ізраэль, або Якуб. Але пра іх Пісьмо Сьвятое кажа, што яны нічога пра нас ня ведаюць. Так бо прарок Ісая кажа ў сваёй малітве Богу: «Зірні зь нябёсаў ды глянь з жытла Твайго сьвятога і слаўнага! Дзе руплівасьць і моц Твая? Дзе вялікая міласьць і шчодрасьць Твая? Ты ж бо Айцец наш; Абрагам бо ня ведае нас і Ізраэль нас ня знае. Ты ж, Госпадзе, Айцец наш ды спрадвек імя Тваё над намі» (Іс. 63).
Ясна Ісая сказаў, што Абрагам ды Ізраэль, хаця былі ды ёсьць вялікімі сьвятымі, аднак нічога ня ведаюць пра сваіх нашчадкаў. Калі Абрагам ня ведаў, што будзе зь ягонымі нашчадкамі, яшчэ менш іншыя ведаюць, што з намі робіцца.