Пытаньне

Калі не патрэбныя малітвы сьвятых, то дзеля чаго Бог сказаў Абімэлеху, каралю Гэрарскаму, што па малітве Абрагама той жывым за-станецца (Роду 20)?

Адказ

Не кажу я, што сьвятыя, якія яшчэ тут, на зямлі жывуць, ня могуць за нас Богу маліцца, але кажу пра сьвятых, якія ўжо памерлі. Жывы бо сьвяты можа за жывых маліцца, бо ведае, што ім патрэбна. Зноў жа, калі памрэ, ні пра што ведаць ня будзе: цела тут застанецца, а дух пойдзе ў руку Божую. Абрагам жывы быў на той час, ён мог маліцца за Абімэлеха, бо яго ведаў, ды патрэбы ягоныя ведаў, ды пра ягоны грэх быў сьвядомы.

Тым жа звычаем і Апостал Паўла прыстойна чыніць, калі да Рымлянаў піша ў такія словы: «Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Ісуса Хрыста і празь любоў Духа, каб успамаглі мяне вашымі малітвамі да Бога за мяне» (Рым. 15: 30), бо даручае жывым за сябе маліцца. Належыць бо адзін за аднаго Богу маліцца, як Апостал загадвае: «Дык маліцеся адны за другіх, каб атрымалі здароўе. Бо вялікую сілу мае стойкая малітва справядлівага» (Як. 5:16).

Ды шмат дзе ў Пісьме Сьвятым знаходзім, што сьвятыя, пакуль тут жылі, моцна дапамагалі сваімі малітвамі. Але нідзе не напісана, што яны пасьля сваёй сьмерці некаму нешта выпрасілі.