Пытаньне

Што на тыя словы Самога Хрыста адкажаш, калі Ён гаворыць: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе. І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ павек» (Ян 11: 25). Яўна бо Ён тут сьведчыць, што веруючыя ў Яго ніколі не паміраюць. А раз не паміраюць, то і заўсёды моляцца. Бо і ты сам казаў, што жывыя могуць маліцца.

Адказ

Дваякая ёсьць сьмерць – часовая і вечная. Часовай сьмерцю мусіць кожны памерці – і той, хто верыць, і той, хто ня верыць. Вечнай жа сьмерцю толькі грэшнікі паміраюць. Дзеля таго, калі Хрыстос абяцае Сваім верным, што яны не памруць, мусіш разумець, што яны не памруць вечнай сьмерцю. Бо пастаноўлена, што сьмерцю часовай усе людзі памруць, як Апостал казаў: «І як устаноўлена людзям раз памерці, а пасьля суд» (Гебр. 9: 27).

І хаця верныя не паміраюць вечнай сьмерцю, аднак пра нас яны ня ведаюць, і ўжо я гэта давёў словамі прарока Ісаі: Абрагам ды ягоны ўнук Ізраэль ня ведаюць пра нас. Ня можам меркаваць пра Абрагама ды Ізраэля, што яны памерлі вечнай сьмерцю, Сам бо Госпад гаварыў пра іх садукеям: «А што памерлыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста палаючага, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ізаака, і Богам Якуба. Бог жа ня ёсьць Бог памерлых, але жывых: бо для Яго ўсе жывыя» (Лк. 20: 37-38).

Бачыш, тут Госпад сьведчыць, што Абрагам, Ізаак ды Якуб жывыя, аднак жа Ісая пра іх кажа, што яны пра нас ня ведаюць. Паколькі сьвятыя ня ведаюць пра нас ды пра нашыя малітвы, то і ня трэба да іх ма-ліцца. А той, хто да іх моліцца, супраць Бога грашыць, бо такі чалавек разважае пра стварэньне як пра Творцу. Ды хаця хто ня просіць сьвятога як Бога, каб нешта даў, але толькі на дапамогу прызывае, усё роўна той цяжка грашыць. Бо замест Божага Сына, Бога і Чалавека, нашага Пасярэдніка, стварае сабе іншых пасярэднікаў зь людзей (1 Цім. 2).