Пытаньне

Не падобна, каб Хрыстос меўся або гневацца, або помсьціцца за тое, што мы шануем Ягоных сьвятых. Бо Ён абяцаў як Сабе Самому прыймаць пашану, якую мы аддаём сьвятым. Так бо сказаў: «Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі» (Мц. 25: 40).

Адказ

Адна справа – сьвятых шанаваць, зусім іншая – уважаць іх заступнікамі. Хрыстос, абяцаючы сказаць на судзе справядлівым гэтыя словы: «Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі», – ня мае на ўвазе прызываньне ў дапамогу сьвятых. Ён гаворыць, што справядлівыя ня будуць вызнаваць, як яны Хрыста кармілі, паілі, апраналі, прыймалі ды рабілі іншыя паслугі. Дзеля гэтага Хрыстос абяцае сказаць ім: яны зрабілі Яму ўсё тое, што тут, на зямлі, убогім зрабілі. Бо ўсе, што вераць у Хрыста, ёсьць Ягоныя члены і Ягонае цела.

Аднак нідзе Хрыстос ня кажа, што справядлівыя маюць быць заступнікамі або пасярэднікамі. Не дае бо Хрыстос нікому Сваёй улады: Ён — адзіны Пасярэднік паміж Богам і паміж намі, людзьмі. Дзеля таго Ён і Бог, і чалавек, каб, будучы адзінасутным і Богу, і чалавеку, стацца дастатковым або дасканалым пасярэднікам. А паколькі ніхто іншы такім быць ня можа – значыць, і Богам, і чалавекам, – як нехта можа быць пасярэднікам паміж Богам і чалавекам? Ці ж не напісана: «І справядлівы ледзь будзе збаўлены?» (1 Пт. 4: 18). Калі справядлівы ледзьве збавіцца сам, то як здолее збавіць іншых? Дзеля гэтага Хрыстос толькі да Сябе, а не да каго іншага зваў: «Хадзеце да Мяне, – казаў, – што працуеце і зьняможаныя пад цяжарам, і Я дам вам сілу» (Мц. 11: 28).

Тым жа звычаем і Апосталы не на сябе паказвалі, не да сябе звалі, але накіроўвалі да Хрыста. Ян, якога называюць Багасловам, так пра Пасярэдніка сьведчыць: «Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. А калі хто і саграшыў, маем Заступніка перад Айцом – Ісуса Хрыста, справядлівага. Ён ёсьць ахвяра перамольная за грахі нашыя, ды ня толькі за грахі нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету» (1 Ян 2: 1-2).

Бачыш, каго мусім уважаць за заступніка? Не сказаў Ян: «Багародзіцу або Пятніцу, Дыяніса або Барыса», але: «Ісуса Хрыста, справядлівага». Як жа пра некага іншага як пра заступніка маглі сьведчыць Апосталы, калі ня мелі такога загаду – вучыць людзей спадзявацца на стварэньне? Таксама і мы мусім адкінуць гэты паганскі звычай, памятаючы на Слова: «Госпада Бога твайго бойся і Яму служы» (Паўт. Зак. 6). Ды на гэтае Слова: «Славы Маёй не саступлю нікому» (Іс. 42; 48).