Пытаньне

Дзеля чаго ж Хрыстос у Сваёй малітве да Айца гаварыў тыя словы: «І хвалу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно» (Ян 17: 22)?

Адказ

Ня меў Хрыстос на ўвазе, што хоча даць Апосталам тую славу, якую Ён разам з Айцом спрадвек меў і будзе мець вечна, каб людзі маліліся Апосталам або прызывалі іх у дапамогу. Не такую хвалу гэтае слова азначае, бо такой улады Хрыстос нікому ня дасьць ды нікога не дапусьціць быць разам зь Ім Пасярэднікам.

Але так Сын Божы просіць Айца за Апосталаў, каб яны былі адно, або адно цела, гэта значыць Ягонай Царквою. А паколькі не маглі Апосталы стацца Божай царквою без асьвячэньня або без навукі, дзеля гэтага і кажа Хрыстос, што даў ім хвалу або сьвет, гэта значыць Сваё Слова. А каб больш у гэтым пераканацца, паглядзі тыя словы, што піша Апостал пра Майсея: «Калі служэньне сьмерці, высячанае літарамі на каменьні, было так слаўным, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля хвалы твару ягонага, якая прамінае, дык ці ня многа больш павінна быць слаўным служэньне Духа?» (2 Кар. 3: 7-8)

Тут «хвалою» названа сьвятло, якім зьзяў твар Майсея, калі ён ад Бога прынёс Дзесяць Божых прыказаньняў, напісаных на каменных дошках. Тым жа звычаем і тое сьвятло, што Божае Слова прыносіць у нашыя сэрцы, Апостал «хвалою», зноў жа, і тут называе, калі крыху ніжэй піша: «Мы ж усе з адкрытым воблікам аглядаем хвалу Госпадаву і перамяняемся ў Ягоны вобраз з хвалы ў хвалу за справаю Госпадава Духа» (2 Кар. 3:18).

Гэтаксама Ісая пазнаньне Бога і Ягонае Слова называе сьвятлом і хвалою, калі піша: «Устань, зазьзяй Ерузалім, бо прыйшло сьвятло тваё і заясьнела хвала Госпада над табою. Бо вось жа цемра ахутвае зямлю і змрок – народы, а над табою заясьнее Госпад і хвала Ягоная зьявіцца над табою» (Іс. 60) і так далей. Цемраю ды змрокам ён называе няведаньне Бога, а, зноў жа, хвалою або сьвятлом – пашырэньне Слова Божага.