Пытаньне
Яшчэ мне вось што скажы: калі сьвятыя ня моляцца за нас Богу, дзеля чаго Майсей у сваёй малітве ўзгадвае Абрагама, Ізаака ды Якуба, калі кажа: «Памятай на Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, каторым запрысяг Ты на Самога Сябе, кажучы: “Размножу патомства вашае, як зоркі на небе”»? (Вых. 32)
Адказ
Не дзеля таго Майсей узгадвае гэтых святых, каб мы да іх маліліся, але таму, што Бог даў ім абяцаньне, як гэта кожны можа пабачыць і са словаў самога Майсея. Бо ўзгадаўшы іх, Майсей тут жа і прысягу ўзгадвае: «Памятай, – кажа, – Госпадзе, Абрагама, Ісаака і Ізраэля, якім Ты запрысяг на Самога Сябе, кажучы: “Размножу патомства вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, каторую абяцаў, дам патомству вашаму і завалодаеце ёю назаўсёды”». Нібыта казаў Майсей: «Мы — патомства Абрагама, Ізаака ды Ізраэля, якім Ты, Госпадзе, запрысяг. Узгадай пра тую прысягу».