Пытаньне
Што адказаць тым, якія гавораць, што на зямлі – як у небе, а ў небе – як на зямлі?
Адказ
Той, хто так гаворыць, мяркуе, што як тут, на зямлі, калі хто захоча прыйсьці да караля або іншага валадара, мусіць шукаць доступу празь ягоных служак, гэтаксама і да Бога прыходзім празь сьвятых. Аднак такі чалавек моцна памыляецца.
Да валадара зямнога трэба прыходзіць празь ягоных служак, бо чалавек можа ня ведаць, што чаго датычыцца, таму нехта мусіць яму гэта растлумачыць. Бог жа лепш за самога чалавека ведае ня толькі патрэбу, але і сэрца. Да караля ня кожнага пускаюць, баючыся якога падману, дзеля таго кароль выслухоўвае ды судзіць падданых праз сваіх урадоўцаў, але да Бога заўсёды дзьверы адчынены.
Дзеля гэтага на зямлі ня так, як у небе. Напісаў бо Прарок, што Бог сказаў: «Мае намеры — ня вашыя намеры, і вашыя дарогі — не Мае дарогі, – кажа Госпад. – Бо як неба высока над зямлёю, так выносяцца дарогі Мае ад дарог вашых, і намеры Мае – ад намераў вашых» (Іс. 55).