Пытаньне

Ужо ласкаю міласэрнага Бога разумею, што толькі адзін ёсьць у нас Пасярэднік паміж Богам і чалавекам – Сын Божы Ісус Хрыстос. Дзеля таго пакінем гэтую нашу размову ды вернемся зноў да малітвы. Перш за ўсё скажы мне: што трэба, каб маліцца?

Адказ

Каб маліцца, патрэбныя дзьве рэчы: пакора і вера. Хто іх мае, той не надарэмна моліцца Богу. Пра пакору Дух Сьвяты так сьведчыць: «Выслухае Ён малітву гаротнікаў і не адкіне іхнія маленьні» (Пс. 101). Пра гэта і Ісус Сырахаў казаў: «Малітва пакорнага пройдзе скрозь аблокі» (Сыр. 35). Пра веру, зноў, Сам Госпад кажа: «Сапраўды кажу вам: каб мелі вы веру і не сумняваліся, зрабілі б гэта ня толькі з дрэвам фігавым, але нават каб сказалі гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, сталася б. І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве зь вераю, атрымаеце» (Мц. 21: 21-22).

Пра гэта ж і Апостал сьведчыць: «Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра і без дакораў, і дасьць яму. Хай жа ён просіць зь вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе» (Як. 1: 5-6).