Пытаньне
Чаму вызнаём, што Бог ёсьць у небе? Хіба Яго тут або на моры няма?
Адказ
Пэўная справа, што Бог ёсьць паўсюль: у небе, і, акрамя неба, на зямлі, на моры, за морам, пад зямлёю, як Прарок сказаў: «Куды аддалюся ад Духа Твайго? І куды ўцяку ад аблічча Твайго? Калі пайду ў неба – Ты там, калі спушчуся ў цемру – Ты там прабываеш. Хоць бы ўзяў крылы зарніцы, хоць бы апынуўся на канцы мора, таксама і там вяла б мяне рука Твая і трымала б мяне правіца Твая» (Пс. 138). Салямон таксама пры абнаўленьні слаўнага Божага храму ясна сьведчыць у сваёй малітве, што Бог ня толькі паўсюль ёсьць, але што Яго і нябёсы ня могуць зьмясьціць (1 Валад. 8; 2 Крон. 6). Дзеля гэтага пра Бога мусім так меркаваць ды верыць, што Ён ёсьць на кожным мейсцы.
Аднак тут Хрыстос навучыў нас вызнаваць, што Бог ёсьць у небе, каб мы былі пэўныя, што як Айца прызываем Самога Бога, а не айца цялеснага ці некага іншага. Яшчэ і дзеля той прычыны мы вызнаём Айца ў небе, каб памятаць на свой абавязак. Значыць, што ня маем бавіцца або абцяжарваць сябе зямнымі справамі, але што заўсёды маем, хаця мы тут жывём, думаць пра справы нябесныя, як Апостал сказаў: «Нашае ж бытаваньне – у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Флп. 3: 20). А ў іншым мейсцы той жа Апостал піша: «Дык калі ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсьць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога, пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное. Бо вы памерлыя і жыцьцё вашае пахаванае з Хрыстом у Богу» (Кал. 3:1-3). Вось такая прычына.
Таму кожны, хто захоча належна гэтую малітву да Бога гаварыць ды быць праўдзівым сынам Божым, мусіць у сабе разважыць: ці пакі-нуў ён клопаты жыцьцёвыя і зямныя ды ці прыняў на іхняе мейсца клопаты духоўныя. Бо той, хто яшчэ ня любіць справы нябесныя або яшчэ не пачаў іх любіць, мала супольнага мае з гэтым Айцом.