Пытаньне
Якое ж імя Божае?
Адказ
Тыя рэчы, якіх ёсьць многа, патрабуюць імёнаў. Напрыклад, ёсьць шмат людзей, таму і патрэбна, каб у кожнага было сваё імя: гэтаму – Нічыпар, таму – Стэфан, іншаму – Аляксандр. Зноў, калі нейкая рэч ёсьць толькі адна, не патрэбна ёй асобнага імя або назвы. Напрыклад, сонцу ня трэба іншай назвы, бо толькі адно ёсьць сонца. Тым жа звычаем і Бог, Які ёсьць Богам адзіным, не патрабуе ўласнага імя, па якім бы Яго пазнавалі. Бо хаця і знаходзім некалькі імёнаў Бога ў Сьвятым Пісьме, аднак ня мусім іх разумець як уласныя імёны Бога. Бо гэтыя імёны – Аданай, Шадай, Ягова, Сабаот, Эль або Элахім, Анна, Іа ды іншыя – называюць ня столькі Бога, колькі Ягоныя справы.
Гэта ня ўласныя імёны Бога, Бог так называе Сябе дзеля нас, каб мы лепш маглі разумець Ягоныя справы, сілу і славу. Майсей напісаў, што, калі Бог пасылаў яго з даручэньнем да фараона, прамовіўшы з палымнеючага куста, ён спытаўся ў Бога пра імя (Вых. 3). І Бог яму адказаў: «Я – Той, Хто ёсьць». Якуб, калі спытаўся тым жа звычаем Госпада пра імя, пачуў у адказ: «Чаму пытаешся пра імя Маё? Яно дзівоснае» (Роду 32). Дзеля таго Бог ня мае ўласнага імя ды яго не патрабуе, але Ягонае Слова і ёсьць імем Ягоным. Бо як паводле імя пазнаём чалавека, так паводле Божага Слова пазнаём Бога.
Калі ж просім, каб сьвяцілася імя Божае, тое просім, каб і мы, і ўсе іншыя Бога спазналі: ня існасьць або Ягоную прыроду, але Ягоную любоў, прагненьне, міласьць, волю і ласку. Такім чынам сьвя-ціцца імя Божае, калі мы ведаем, што Бог міласьцівы, добры ды ня хоча сьмерці грэшніка. Яшчэ і тое мы тут жадаем, каб вучыцелі прапаведавалі праўду; каб герэзыі згінулі ды каб усякія згаршэньні або спакушэньні спыніліся; каб зьвяліся балванахвальства, чалавечыя пастановы ды бязбожнае жыцьцё.
Таму, калі хочаш належна гэтую малітву гаварыць, глядзі, ці сапраўды ты ўсяго гэтага прагнеш. Бо многа хто кожны дзень тыя словы гаворыць: «Сьвяціся імя Тваё»,– а сам так пільна, як толькі можа, стараецца імя Божая зьняславіць або патаптаць. Іншы ж, хаця і сам Слова Божага ня топча, але, нават калі можа дапамагчы, каб яно пашыралася, не дапамагае. Дык чаго будзе вартая такая малітва? Тым жа звычаем мяркуй і пра таго, хто радасна гаворыць пра Слова Божае, сьпявае сьвятыя гімны ды псальмы, але сваім жыцьцём зьневажае Бога і Ягонае Слова ды жыве беззаконна (Іс. 52). Пра такіх напісана: «Дзеля вас між паганаў зьневажаецца імя Божае» (Рым. 2: 24).
Павінен бо Хрысьціянін ня толькі словам, але і ўчынкам схіляць іншых людзей да праўдзівай веры, паводле словаў Самога Хрыста: «Так хай сьвеціць сьвятло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе» (Мц. 5: 16). Бо так зазвычай бывае: калі хто з паганаў бачыць сярод Хрысьціянаў справядлівасьць, пакору, цьвярозасьць, міласьць, сяброўства, то мусіць на добрае разумець ды нават гаварыць пра Закон Хрысьціянскі, – тады сьвяціцца імя Госпада.
Зноў, бачачы несправядлівасьць, пыху, хцівасьць, разбой, распусту, п’янства ды іншыя грахі, ня можа ня згоршыцца ды Закону Божага не праклясьці – такім звычаем зьнеслаўляецца імя Божае. А той, хто даў падставу зьнеслаўляць Слова Божае, вінаваты ў той жа меры, як і той, хто зьнеслаўляе Божае Слова. Аднак пра гэта я падрабязна казаў пры трэцім і чацьвёртым Божым прыказаньні.