Пытаньне
Як зразумець другую просьбу, гэта значыць: «Прыйдзі Валадарства Тваё»?
Адказ
Не адзін ёсьць спосаб Божага Валадарства. Бог валадарыць над кожным стварэньнем, бо ўсе ў Ягоных руках і мусяць рабіць так, як Ён хоча. Прарок піша: «Бог – магутны Госпад і вялікі Валадар па ўсёй зямлі. У руцэ Ягонай усе глыбіні зямныя і высокія горы Яму прыналежаць. Ягоным ёсьць мора, бо Ён стварыў яго, і зямлю кшталтаваў Ён Сваімі рукамі» (Пс. 94). Шмат кажа Сьвятое Пісьмо пра тое, што Бог валадарыць і ў небе, і на зямлі, — гэта і ёсьць Ягонае Валадарства.
Аднак ня гэтае Валадарства маем на ўвазе, калі гаворым: «Прыйдзі Валадарства Тваё». Ня трэба маліцца, каб Бог над усім валадарыў, бо так ужо ёсьць ад стварэньня сьвету. Ёсьць іншае Валадарства Божае, або спосаб валадараньня, калі не над усякім стварэньнем, але толькі над Сваімі выбранымі Бог валадарыць духоўна праз навуку Эвангельскую.
Вось мы і молім Бога, каб прыйшло гэтае Валадарства. Значыць, каб лічба выбраных Божых расла, а моц д’ябальская каб зьвялася ды ўшчэнт згінула, каб валадарыў адзін Бог у праўдзе Сваёй.