Пытаньне

Што яшчэ ў гэтых словах просім?

Адказ

Акрамя таго, што ўжо я сказаў пра духоўнае Валадарства Хрыста, якое залежыць ад праўдзівай навукі Сьвятога Эвангельля, яшчэ мы молім Бога Айца і пра такое Валадарства, калі ня толькі над усімі, але і паасобку ў кожным стварэньні валадарыць ня грэх, але Сам Бог. Каб намі валодалі не грахі, але Дух Сьвяты з усімі Ягонымі дарамі, як Апостал піша: «Дык хай жа грэх, — кажа, — не валадарыць у вашым сьмяротным целе, каб вам не служыць пажаданьням яго. Не аддавайце граху члены вашыя на зброю, але аддавайце сябе Богу як вось тыя, што са сьмерці перайшлі да жыцьця, ды члены вашыя аддавайце на зброю справядлівасьці на службе Божай. Грэх няхай не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю» (Рым. 6:12-14).

Бачыш, забараняе нам Апостал аддаваць сябе на службу граху ды кажа служыць Самому Богу. А паколькі мы ня маем столькі сілы, дзеля таго Хрыстос навучыў нас гэтай просьбе: «Прыйдзі Валадарства Тваё»,– значыць, каб Ён даў нам Духа Сьвятога рабіць добрыя ўчынкі.

Яшчэ адзін спосаб Валадарства Божага прыйдзе ў будучым веку, калі ўжо выбраныя Божыя будуць у Валадарстве Нябесным. Пра гэта Госпад так сказаў: «Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету. Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня, і ўкінуць іх у печ агністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі. Тады справядлівыя будуць ясьнець як сонца, у Валадарстве Айца Свайго» (Мц. 13: 40-43).

Тут бачыш вельмі радаснае абяцаньне справядлівым, значыць, верным. Дзеля гэтага трэба прасіць Бога, каб Ён той дзень надалей не адкладаў, але зь ім пасьпяшаўся. Бо гэты дзень прынясе канец бедам, перасьледам, пакутам, сьмерці і ўсім цяжкасьцям верных, адкрые ды падасьць ім невымоўную радасьць, як у Адкрыцьці Багаслоў сказаў: «І абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх, і сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галашэньня, ані болю больш ня будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула» (Адкр. 21: 4).