Пытаньне
На што ёсьць воля, якую нам Бог аб’явіў, або чаго Бог ад нас хоча?
Адказ
Воляю Божай Сьвятое Пісьмо часам называе Закон Божы. У ім бо мы бачым, што Бог хоча, каб мы рабілі або не рабілі, як Давід кажа: «Навучы мяне спаўняць волю Тваю, бо Ты Бог мой» (Пс. 142). Таксама ёсьць і іншая Божая воля. Напрыклад, калі Хрыстос казаў: «А воля Таго, Які Мяне паслаў, каб Я нікога ня страціў з тых, якіх Ён Мне даў, але ўваскрасіў іх у апошні дзень. Гэта воля Айца Майго, каб кожны, хто глядзіць на Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень» (Ян 6: 39-40). Тут бачыш, што ёсьць Божая воля на тое, каб ніводзін чалавек ня згінуў, але каб усе верылі ў Сына Ягонага ды так мелі вечнае жыцьцё. Пра гэта і Апостал сьведчыць, што Бог хоча, каб усе людзі збавіліся і прыйшлі да спазнаньня праўды (1 Цім. 2: 4).
Зноў, ёсьць воля Божая, каб мы, паверыўшы Сьвятому Эвангельлю, рабілі добрыя справы і ўсё нашае жыцьцё аднавілі паводле Божых прыказаньняў. Пра такую волю піша Апостал, так кажучы: «Бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей. Як людзі свабодныя рабіце, ды не як тыя, для якіх свабода ёсьць апраўданьнем зла, але як слугі Божыя. Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, валадара шануйце ...» ды так далей (1 Пт. 2:15-17). Гэтаксама і другі Апостал піша: «Бо воляй Божай, — кажа, — ёсьць сьвятасьць вашая, каб высьцерагаліся распусты, каб кожны з вас трымаў сваё начыньне ў сьвятасьці і ў пашане, а не ў пажадлівасьці юрлівай, як пагане, якія ня ведаюць Бога; каб ніхто не вывышаўся і ня крыўдзіў у справах брата свайго» (1 Тэс. 4: 3-6).
Абодва Апосталы сьведчаць, што ёсьць Божая воля, каб кожны сьцярогся благога ды вёў жыцьцё чыстае і пабожнае. Яшчэ і таго Бог ад нас хоча, каб мы крыж, значыць, усялякія цяжкасьці, што Ён на нас ускладае, удзячна прыймалі ды на волю Божую спадзяваліся, маючы за прыклад Самога Хрыста. Ён бачыў перад Сабою страшную і вялікую пакуту і маліў Бога, каб захаваў Яго ад той пакуты, але наперад Ён усё аддаў у рукі Божыя, так бо маліўся: «Ойча Мой, калі магчыма, ухілі ад Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, але як Ты» (Мц. 26: 39; Мк. 14: 36; Лк. 22: 42). Таксама зрабілі і вучні, якія намаўлялі Паўлу не ісьці ў Ерузалім, але, убачыўшы ягоную рашучасьць, усе сказалі: «Хай станецца воля Госпада!» (Дзеі 21:14).