Пытаньне

Што мы просім у чацьвёртай просьбе, калі кажам: «Хлеб наш што-дзённы дай нам сёньня»?

Адказ

Як у папярэдніх просьбах мы просім Бога пра рэчы духоўныя, якія належаць да славы Божай, так у гэтай просьбе мы просім пра рэчы мінаючыя. Хлебам бо называем усё жыцьцё і кожную жыцьцёвую патрэбу: падворак, жонку, мужа, сям’ю, статак, суседа, валадара, дзяцей, збожжа, дождж, пагоду, супакой або мір, здароўе ды ўсё іншае, без чаго гэтае нашае жыцьцё на гэтым свеце ня можа абыйсьціся.

Але перадусім просім пра хлеб духоўны, значыць, пра Божае Слова, каб міласэрны Бог даваў яго нам ўсякі час. Бо раз чалавек складаецца зь дзьвюх частак – з душы і зь цела, – то патрабуе дваякага харчу, або хлеба. Душы – духоўнага хлеба, значыць, Слова Божага. Целу – цялеснага, значыць, ежы, пітва ды адзеньня.