Пытаньне

Яшчэ давядзі зь Пісьма Сьвятога, ці сьвятыя малілі Бога пра што-дзённыя патрэбы і ці былі выслуханы?

Адказ

Пэўная рэч, што сьвятыя Прарокі ды Апосталы маліліся пра штодзённыя справы, і заўсёды Бог рабіў паводле іхняй малітвы. Хіба толькі калі хто зь іх прасіў цудаў або штосьці непатрэбнае, тады ня быў выслуханы, як сынам Зэбэдэя было сказана: «Ня ведаеце, пра што просіце» (Мк. 10: 38), а багародзіцы: «Што Мне і табе, жанчына?» (Ян 2: 4) Ёна хаця і прасіў, каб Нініва загінула, але Госпад ня зьнішчыў Нініву паводле Ёнінай просьбы. Бо Ёна прагнуў таго па сваёй волі, замест малітвы было ягонае жаданьне, у якім ён памыляўся (Ёна 4).

Але калі сьвятыя прасілі патрэбныя рэчы, заўсёды былі выслуханы. Прасіў Майсей пра здароўе сваёй сястры Мірыям, і выслухаў Бог ягоную просьбу (Лічбы 12), маліўся за народ Ізраэльскі, і ня зьнішчыў Бог народ дзеля ягонай малітвы (Вых. 32). Ён жа малітваю перамог Амалека (Вых. 16). Ільля маліўся пра дождж, і быў дождж. Валадар Эзэкія маліўся пра даўжэйшае жыцьцё, і далучыў яму Бог пятнаццаць гадоў да ягонага веку. Салямон прасіў, каб не дажыцца да жабрацтва, і пачуў яго Бог (Прып. 30).

Ня менш прыкладаў знойдзеш і ў Новым Запавеце, як багабойныя людзі прасілі пра штодзённыя справы, і Госпад выслухоўваў іхнія просьбы. Прасіў сотнік здароўя юнаку, слузе свайму, і аздаравіў яго Бог (Мц. 8). Прасіў Яір жыцьця дачцэ, і ажывіў яе Госпад (Мк. 5). Прасілі сьляпыя ў Ерыхоне, каб бачыць, і адкрыліся іхнія вочы (Лк. 18). Прасіў Паўла і за сябе, і за спадарожнікаў, каб не загінуць на моры, і пачуў яго Бог, і падараваў яму ўсіх, хто плыў разам зь ім, так што ніводзін зь іх не загінуў (Дзеі 27).

Дзеля таго, маючы і загады, і абяцаньні, і прыклады сьвятых, мы павінны маліцца Богу ня толькі пра справы духоўныя, але і штодзённыя, бо, паводле Апостала, пабожнасьць, або багабойнасьць, мае абяцаньне і ў жыцьці цяперашнім, і ў будучым (1 Цім. 4:8) Толькі няхай кожны памятае на тое, што я вышэй узгадаў, ды перш просіць пра патрэбы жыцьця вечнага, а не цяперашняга. Яшчэ хай усё аддае на Божую волю. Ды няхай ня просіць у Бога таго, што шкодзіць Божай славе або карысьці бліжняга.