Пытаньне
Калі ў гэтай просьбе мы молімся пра хлеб цялесны, або пра ўсе жыцьцёвыя патрэбы, дзеля чаго Хрыстос далучыў тое слова «што-дзённы»? Бо мне падаецца, што тое слова Ён далучыў толькі таму, каб хто часам не падумаў пра хлеб звычайны.
Адказ
Ужо я казаў, і таго не выракаюся, што ў гэтай просьбе мы найперш просім Бога пра хлеб духоўны, потым і пра зямны, цялесны. І паказаў я прычыну, дзеля якой мы просім дваякага хлеба. Тое ж слова «штодзённы» Госпад далучыў не таму, каб мы прасілі толькі духоўнага хлеба, але каб пра дваякі хлеб ведалі ды пра дваякі хлеб маліліся. Грэцкае бо слова «епіусіон» можна разумець і як «неабходны», і як «штодзённы».
Неабходным бо хлебам слушна можна назваць Слова Божае: яно большае за хлеб цялесны, бо насычае душу. Штодзённым жа хлебам можна назваць і Слова Божае, і ежу цялесную, або харчаваньне, бо харчавацца аднолькава патрэбна як душы, так і целу. А ежа цялесная азначае ўсе жыцьцёвыя патрэбы і само жыцьцё.