Пытаньне
Хто гэтую просьбу гаворыць сабе на шкоду?
Адказ
Ня толькі на шкоду, але і на благое, і на грэх кажуць гэтую просьбу тыя, што не карыстаюцца Словам Божым ды ня лічаць яго за ежу для душы, або ежу духоўную. Тым жа звычаем і ў справах штодзённых сабе на благое кажуць гэтую просьбу тыя, што спадзяюцца не на Божае дабраславенства, але на свой розум або на сваю працу. Таксама тыя, у якіх жытніцы, гумны, клеці, кладоўкі, скляпы, скрыні поўныя жыта, пшаніцы, грошаў, адзеньня ды іншай маёмасьці. Часам і пагніюць стагі, мяса ці што іншае, але ўсё адно ўбогаму не дадуць, але яшчэ больш зьбіраюць.
Пра такіх Сам Госпад сказаў прыповесьць пра багацея, які, калі ўрадзіла ягоная ніва, захаваў плён не дзеля убогіх, а дзеля свайго прыбытку, мовячы: «Душа, маеш многа даброцьцяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, банкетуй». Але Бог сказаў яму: «Дурны, у гэту ноч запатрабуюць ад цябе душу тваю, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?» (Лк. 12: 19-20)
А каб кожны разумеў гэтую прыповесьць як пра сябе самога, Госпад далучыў такія словы: «Так бывае з тым, хто дзеля сябе зьбірае скарбы, а ня ёсьць багаты перад Богам». Таму трэба ўсім сьцерагчыся, каб такімі ня быць. Бо калі хто будзе такім, не дапаможа яму малітва, але больш нашкодзіць. Такі хоць і зьбярэ хлеб, але яго не спажыве, як і мы самі паўсюль тое бачым, і тут, з прыповесьці Хрыста, можам зразумець. Пра гэта і пры восьмым прыказаньні падрабязна гаварылася.